Леў XIV: абвяшчаць першасць Хрыста ў сучасным шумным свеце
Марыя Валодзіна - Vatican News
У пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму "Марыя – зорка евангелізацыі і місіі для сённяшняй Лацінскай Амерыкі" Пантыфік нагадаў, што Езус клікаў вучняў словамі “Ідзі за Мной”, без уліку іх папярэдніх заслуг. Пакліканне – гэта ініцыятыва Бога і сродак Яго плану збаўлення, бо вучні прызначаныя несці Евангелле ўсім грэшным і слабым.
Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць ставіць Бога на першае месца, паглыбляць веданне Евангелля і быць гатовымі адмовіцца ад чалавечых даброт.
Пакліканне вядзе да новага жыцця, але радыкальная адданасць Богу не аддаляе ад людзей, а вядзе да еднасці з іншымі, робіць нас часткай супольнасці, якую Пан аб'яднаў цаной сваёй крыві, - нагадаў Леў XIV.
Пасля Уваскрасення Езус зноў кажа Пятру “Ідзі за Мной” нагадваючы, што нават пасля падзенняў ён пакліканы праславіць Бога ахвяраю свайго жыцця. Таксама і ў нашым жыцці, калі наш позірк затуманіцца, як гэта здарылася з Пятром, нас падтрымае голас Езуса, - адзначыў Папа.
У сучасным шумным свеце, які збівае з панталыку, сёння больш чым калі-небудзь патрэбныя тыя, хто выразна абвяшчае першасць Хрыста. Папа заклікаў удзельнікаў канферэнцыі да разважання і глыбокай малітвы, чытання Святога Пісання, слухання галасоў пастыраў і ўважліваму вывучэнню скарбаў мудрасці, якія прапануе Касцёл.
Папа пажадаў, каб Найсвяцейшая Панна Марыя Гвадэлупская навучыла лацінаамерыканскіх святароў, манахаў і семінарыстаў адважна адказваць і захоўваць у сэрцы цуды, якія Хрыстус учыніў у іх, каб яны спяшаліся абвяшчаць радасць сустрэчы з Ім і быць жывымі камянямі Яго храма. “Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя апякуе ваша падарожжа ў Рым і заступаецца за вас, каб усё, што вы тут атрымаеце, прынесла плён у вашай місіі. Няхай Бог благаславіць вас”, - заключыў Пантыфік.
