Турцыя і Ліван: Папа падвёў вынікі знакавага падарожжа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім звароце пасля малітвы "Анёл Панскі" 7 снежня 2025 года Папа падзяліўся разважаннямі аб сваім першым апостальскім падарожжы ў Турцыю і Ліван. Гэты візіт, па словах Пантыфіка, стаў важным крокам на шляху да хрысціянскага адзінства і міжнацыянальнага прымірэння.
Шлях да бачнага адзінства
Цэнтральнай падзеяй знаходжання ў Турцыі стала сумесная малітва з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій. Сустрэча адбылася ў сімвалічным месцы – у горадзе Ізнік, старажытнай Нікеі, дзе 1700 гадоў таму прайшоў Першы Сусветны Сабор.
Святы Айцец нагадаў вернікам, што менавіта сёння адзначаецца 60-я гадавіна гістарычнай сумеснай дэкларацыі Папы Паўла VI і Патрыярха Афінагора, якая паклала канец узаемным экскамунікам. Леў XIV заклікаў дзякаваць Богу за гэтыя крокі і аднавіць намаганні ў руху да "поўнага бачнага адзінства ўсіх хрысціян".
Ён таксама з цеплынёй узгадаў сустрэчу з каталіцкай супольнасцю Турцыі, якая праз сваё служэнне тым, хто пакутуе, сведчыць пра Евангелле любові і "логіку Бога, якая праяўляецца ў малым".
Ліван як мазаіка суіснавання
Другая частка падарожжа прывяла Пантыфіка ў Ліван, краіну, якую ён назваў "мазаікай суіснавання". Папа прызнаўся, што быў глыбока крануты сведчаннямі мясцовых жыхароў, якія, нягледзячы на цяжкасці, працягваюць абвяшчаць Евангелле праз канкрэтныя ўчынкі: прыём бежанцаў, наведванне вязняў і дапамогу тым, хто мае патрэбу.
Асабліва эмацыянальным момантам стала сустрэча са сваякамі ахвяр выбуху ў порце Бейрута. Леў XIV адзначыў, што ехаў, каб суцешыць ліванцаў, але ў выніку сам атрымаў ад іх суцяшэнне дзякуючы іх непахіснай веры і энтузіязму.
Падзеі апошніх дзён у Турцыі і Ліване, паводле слоў Папы, з'яўляюцца доказам таго, што мір магчымы, і хрысціяне ў дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігій могуць стаць яго будаўнікамі.
