Леў XIV напісаў Апостальскі ліст аб важнасці археалогіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Сёння мы пакліканы адказаць на пытанне: наколькі яшчэ можа быць карыснай, у эпоху штучнага інтэлекту і даследавання бясконцых галактык сусвету, роля хрысціянскай археалогіі ў грамадстве і Касцёле?”, - напісаў Святы Айцец у Апостальскім лісце аб важнасці археалогіі. Дакумент быў абнародаваны 11 снежня 2025 года з нагоды 100-годдзя Папскага інстытута хрысціянскай археалогіі.
Археалогія дапамагае ўбачыць Таямніцу
Пантыфік нагадаў, што хрысціянская вера ў сваёй найглыбейшай сутнасці – гістарычная: яна “не нарадзілася з ідэі”, але з “улоння, цела, магілы”. “Яна грунтуецца на канкрэтных падзеях, абліччах, жэстах, словах, прамоўленых на пэўнай мове, у пэўную эпоху, у пэўным асяроддзі” – менавіта гэта робіць бачным і датыкальным археалогія.
“Яна нагадвае, што Бог вырашыў размаўляць на чалавечай мове, хадзіць па зямлі, быць у канкрэтных месцах, дамах, сінагогах, на канкрэтных дарогах”, - дадаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што нельга да канца зразумець хрысціянскую тэалогію без ведання месцаў і матэрыяльных сведчанняў, якія распавядаюць пра веру першых стагоддзяў.
Нават самае малое сведчанне заслугоўвае ўвагі
Па словах Папы, археалогія нясе каштоўнае пасланне: “нішто з таго, да чаго дакранулася вера, не з’яўляецца неважным”. “Нават фрагмент мазаікі, забыты надпіс, графіці на катакомбнай сцяне могуць расказаць біяграфію веры”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Мы жывём у эпоху, калі выкарыстанне і спажыванне параважаюць над захаваннем і павагай. Археалогія, аднак, вучыць нас, што нават самае малое сведчанне заслугоўвае ўвагі, што кожны след мае вартасць, што нічога нельга выкідваць. У гэтым сэнсе яна з’яўляецца школай культурнай устойлівасці і духоўнай экалогіі. Яна вучыць павазе да матэрыі, памяці, гісторыі. Археолаг нічога не выкідвае, але захоўвае. Не спажывае, а сузірае. Не знішчае, але расшыфроўвае. Яго позірк – цярплівы, дакладны, паважлівы. Гэта позірк, які здольны заўважыць у аскепку керамікі, у заржавелай манеце, у зацёртым надпісе подых эпохі, сэнс веры, цішыню малітвы. Гэты позірк можа быць вельмі павучальным таксама для душпастырства і катэхізацыі сёння”, - напісаў Пантыфік.
Археалогія – саюзніца тэалогіі
“Археалогія кажа нам не пра рэчы, а пра людзей: пра іх дамы, магілы, касцёлы, малітвы. Яна распавядае пра штодзённае жыццё першых хрысціян, пра месцы культу, пра формы прапаведавання. Яна паказвае, як вера ўплывала на фармаванне прасторы, гарадоў, краявідаў, ладу мыслення. І яна дапамагае нам разумець, як Аб’яўленне ўцелавілася ў гісторыі, як Евангелле знаходзіла словы і формы ўнутры культур. Тэалогія, якая ігнаруе археалогію, рызыкуе стаць бесцялеснай, абстрактнай, ідэалагізаванай. І наадварот, тэалогія, якая прымае археалогію як саюзніцу – гэта тэалогія, якая слухае цела Касцёла, вывучае яго раны, знакі і традыцыі, якая дазваляе дакрануцца да сябе гісторыі”, - дадаў Пантыфік.
Папа нагадаў, што “за кожным аб’ектам ёсць асоба, душа і супольнасць”, а “за кожнай руінай – мара веры, літургія, Аб’яўленне”. “Такім чынам, хрысціянская археалогія з’яўляецца таксама формай любові: яна дазваляе загаварыць цішыні гісторыі, каб вярнуць годнасць забытым, каб адкрыць свету безыменную святасць многіх вернікаў, якія складалі Касцёл”, - заўважыў ён.
Памяць для евангелізацыі
Пантыфік падкрэсліў таксама важнасць археалогіі для евангелізацыі – гэта разумелі ўжо першыя хрысціянскія супольнасці, якія “захоўвалі разам са словамі Езуса таксама месцы, рэчы, знакі Яго прысутнасці”. “Пустая магіла, дом Пятра ў Кафарнауме, магілы мучанікаў, рымскія катакомбы – усё гэта павінна было сведчыць, што Бог сапраўды ўвайшоў у гісторыю і што вера – гэта не філасофія, але канкрэтны шлях цела ў свеце”, - напісаў ён.
“Гэта застаецца і сёння заданнем хрысціянскай археалогіі – дапамагаць Касцёлу памятаць пра сваё паходжанне, захоўваць жывую памяць пра свае вытокі, расказваць гісторыю збаўлення не толькі словамі, але таксама з дапамогай выяў, формаў, месцаў. У час, які часта губляе карані, археалогія становіцца каштоўнай прыладай евангелізацыі, якая абапіраецца на гістарычную праўду, каб адкрыць шлях да хрысціянскай надзеі і навізны Духа”, - падкрэсліў Папа.
Умець бачыць далей
Пантыфік падкрэсліў, што археалогія дазваляе адчуць сілу існавання, якое пранізвае стагоддзі і не заканчваецца матэрыяй, а пераўзыходзіць яе. “Разглядаючы хрысціянскія магілы, мы бачым не толькі смерць, але і чаканне ўваскрасення; у размяшчэнні абсід мы заўважаем не толькі архітэктурны разлік, але таксама скіраванасць да Хрыста; у слядах культу мы распазнаём, акрамя абраду, імкненне да Таямніцы”, - адзначыў ён.
Жывая і прыміраная памяць
Папа заўважыў, што хрысціянская археалогія дапамагае лепш пазнаць гістарычныя, культурныя і матэрыяльныя кантэксты, у якіх адбылося Аб’яўленне. “Тэалогія, якая хоча быць вернай Аб’яўленню, павінна заставацца адкрытай на складанасць гісторыі”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Па словах Льва XIV, археалогія дапамагае тэалогіі пазбавіцца ідэалізаваных або лінеарных поглядаў на мінулае і ўвайсці ў праўду рэальнасці: праўду, якая складаецца з велічы і абмежаванняў, святасці і слабасці, працягласці і разрываў. “Менавіта ў гэтай рэальнай, канкрэтнай, часта супярэчлівай гісторыі Бог пажадаў аб’явіцца”, - напісаў ён.
“Касцёл абуджаецца і абнаўляецца, калі зноў пачынае задумвацца пра тое, дзякуючы чаму з’явіўся і што яго глыбока акрэслівае. Хрысціянская археалогія можа вельмі дапамагчы ў гэтым. Яна дапамагае адрозніваць істотнае ад другаснага, першапачатковае ядро ад гістарычных наслаенняў”, - адзначыў Пантыфік, падкрэсліўшы, што гаворка не ідзе пра звядзенне касцельнага жыцця да мінулага: “сапраўдная археалогія – гэта не бясплодная кансервацыя, але жывая памяць. Гэта здольнасць дазволіць мінуламу прамаўляць да сучаснасці. Гэта мудрасць распазнаваць тое, што Святы Дух абудзіў у гісторыі”.
Верыць у сілу вучобы і памяці
Леў XIV нагадаў, што Папскі інстытут сакральнай археалогіі быў заснаваны Піей XI у кантэксце Юбілею міру, які адбываўся ў часе сур’ёзных эканамічных цяжкасцяў, выкліканых наступствамі Першай сусветнай вайны. “Сёння, праз сто гадоў, гэты жэст звяртаецца да нас. Ён пытаецца: ці здольныя мы таксама верыць у сілу вучобы, фармацыі, памяці; ці гатовыя мы інвеставаць у культуру нягледзячы на крызіс, прасоўваць веды нягледзячы на абыякавасць, бараніць прыгажосць, нават калі яна здаецца чымсьці другарадным”, - напісаў Пантыфік, заклікаючы ўсе ватыканскія гістарычныя інстытуты да ўзаемнага супрацоўніцтва.
“Таксама і адносіны з хрысціянскім Усходам могуць знайсці ў археалогіі плённую глебу. Супольныя катакомбы, агульныя касцёлы, падобныя літургічныя практыкі, сугучныя мартыралогі: усё гэта ўтварае духоўную і культурную спадчыну, якую трэба шанаваць і цаніць разам”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Таямніца надзеі
Па словах Папы, “Касцёл пакліканы вучыць памяці, і хрысціянская археалогія – адзін з яго найвысакароднейшых інструментаў”. Гэта неабходна “не для таго, каб уцякаць у мінулае, але каб свядома жыць у сучаснасці, каб будаваць будучыню з каранямі”. Пантыфік, падкрэсліўшы, што ў гэтым сэнсе археалогія “з’яўляецца служэннем надзеі”, бо паказвае, што “вера вытрымала пераследы, крызісы, змены”, абнаўляючыся, ператвараючыся і расквітаючы ў новых формах. “Евангелле заўсёды мела творчую сілу”, Касцёл заўсёды адраджаўся, надзея ніколі не згасала, - дадаў ён.
“Хрысціянская археалогія – гэта служэнне, пакліканне, форма любові да Касцёла і чалавецтва. Будзьце верныя глыбокаму сэнсу вашай справы: рабіць бачным Слова жыцця, сведчыць, што Бог уцелавіўся, што збаўленне пакінула сляды, што Таямніца стала гістарычным апавяданнем”, - заклікаў археолагаў Святы Айцец.
