Леў XIV: адукацыя ў Афрыцы мае выхоўваць сэрцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сталіцы Кеніі, Найробі, 4-7 снежня 2025 года праходзіў Афрыканскі кангрэс каталіцкай адукацыі, у цэнтры ўвагі якога знаходзілася тэма надзеі ў кантэксце сучасных выклікаў кантынента.
З гэтай нагоды Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П'етра Паралін накіраваў ад імя Льва XIV адмысловае пасланне. У ім падкрэсліваецца, што каталіцкая школа павінна заставацца месцам, дзе фарміраванне інтэлекту ідзе побач з выхаваннем сэрца, напоўненага любоўю да бліжняга.
Моладзь перад выбарам: надзея супраць адчаю
Адной з галоўных тэм паслання стаў драматычны выбар, перад якім стаіць афрыканская моладзь. Леў XIV з болем назірае, як многія маладыя людзі, “вядомыя адчаем”, рызыкуюць жыццём і пакідаюць Радзіму ў пошуках лепшай долі.
У гэтым кантэксце адукацыя набывае выратавальную місію: яна павінна даць маладым людзям упэўненасць у тым, што будучыню можна будаваць дома. Педагогаў Пантыфік заклікае дапамагчы вучням адкрыць свае схаваныя таленты і паверыць, што “нічога не страчана”, калі побач ёсць мудры настаўнік.
Абарона сям'і ад разбуральных ідэалогій
Асобная ўвага ў дакуменце надаецца інстытуту сям'і, які Папа называе падмуркам будучыні народаў. Ён заклікае адукацыйныя ўстановы стаць шчытом супраць “дэструктыўных ідэалогій”, якія навязваюцца звонку і пагражаюць традыцыйнаму разуменню сужэнства.
У пасланні гучыць напамін пра тое, што менавіта ў сям'і, якую стварыў Бог, чалавек вучыцца пераадольваць сілы, што раз'ядноўваюць грамадства. Ахова сямейных каштоўнасцей становіцца часткай прасоўвання “знакаў надзеі” на кантыненце.
Выхаванне лідараў новага тыпу
Закранаецца і пытанне палітычнай адказнасці. Нягледзячы на тое, што многія афрыканскія лідары з'яўляюцца выпускнікамі каталіцкіх школ, сітуацыя ў шматлікіх краінах застаецца крытычнай.
Папа заахвочвае вярнуцца да каранёў і абудзіць у маладых пакаленнях дух салідарнасці і ахвярнасці. Мэта каталіцкай адукацыі – выхаваць не проста паспяховых функцыянераў, а сапраўдных “амбасадараў міру”, здольных ставіць агульнае дабро вышэй за асабістыя інтарэсы. Толькі так можна разлічваць на з'яўленне пакалення, якое ператворыць Афрыку ў прастору братэрства і развіцця.
