Канфлікт у Азіі: Папа просіць вярнуцца да дыялогу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў сераду 10 снежня 2025 года ў Ватыкане, Леў XIV звярнуўся да міжнароднай супольнасці і ўдзельнікаў канфлікту з адмысловым заклікам. Пантыфік адрэагаваў на трывожныя навіны, якія прыходзяць з Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе зноў успыхнулі баявыя дзеянні.
"Я глыбока засмучаны весткай пра аднаўленне канфлікту на тайска-камбаджыйскім памежжы", - прызнаўся Святы Айцец. Ён з болем адзначыў, што ахвярамі насілля сталі мірныя жыхары, а тысячы людзей былі вымушаны пакінуць свае дамы, ратуючыся ад вайны.
"Выказваю сваю блізкасць у малітве з гэтымі дарагімі мне народамі і заклікаю бакі да неадкладнага спынення агню і аднаўлення дыялогу", - дадаў Леў XIV.
Сітуацыя ў рэгіёне застаецца крытычнай, а маштаб гуманітарнага крызісу ўражвае: больш за паўмільёна чалавек былі эвакуіраваны з памежных рэгіёнаў абедзвюх краін. З пачатку тыдня ў выніку памежных сутыкненняў загінулі як мінімум 11 чалавек. Касцёл у Азіі неаднаразова заклікаў да мірнага вырашэння тэрытарыяльных спрэчак, каб пазбегнуць далейшага праліцця крыві.
