Пошук

Леў XIV: няхай з Лівана ўзносіцца ў неба малітва за мір

Леў XIV заклікаў ліванцаў працягваць спаўняць сваё пакліканне будаваць мір, супрацьстаяць нецярпімасці, пераадольваць гвалт і паказваць шлях да справядлівасці для ўсіх.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1 снежня 2025 года Святы Айцец прыняў удзел у экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэчы, якая прайшла на Плошчы мучанікаў у Бейруце. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі розных рэлігійных супольнасцей Лівана.

Пантыфік адзначыў, што рады магчымасці прысутнічаць на благаслаўлёнай ліванскай зямлі, “праслаўленай прарокамі Старога Запавету, якія бачылі ў яе велічных кедрах сімвал праведнай душы, што квітнее пад пільным поглядам неба”.

Экуменічная і міжрэлігійная сустрэча ў Бейруце
Экуменічная і міжрэлігійная сустрэча ў Бейруце   (AFP or Licensors)

Святы Айцец падкрэсліў, што мінарэты і званіцы, якія ў Ліване стаяць побач, скіраваныя да неба, “сведчаць пра моцную веру гэтай зямлі і непахісную адданасць яе народа адзінаму Богу”.

“Няхай на гэтай дарагой зямлі кожны звон і кожны азан гучаць разам: няхай кожны заклік да малітвы злучаецца ў адзіны гімн, што ўзносіцца не толькі дзеля праслаўлення міласэрнага Стварыцеля неба і зямлі, але і дзеля шчырай просьбы аб Божым дары міру”, - сказаў Папа.

Леў XIV заўважыў, што на працягу мінулых гадоў свет быў сведкам “цяжкага шляху Блізкага Усходу і няспынных пошукаў каштоўнага дару міру”. Паводле яго слоў, нягледзячы на складаныя канфлікты ў рэгіёне, ліванскі народ нагадвае нам пра тое, што недавер і прадузятасць не маюць апошняга слова і паказвае, што мір магчымы.

Экуменічная і міжрэлігійная сустрэча ў Бейруце
Экуменічная і міжрэлігійная сустрэча ў Бейруце   (@Vatican Media)

“Пасярод гэтых цяжкасцей пачуццё надзеі і падтрымкі можна знайсці, калі мы засяродзімся на тым, што нас аб’ядноўвае: на нашай агульнай чалавечнасці і нашай веры ў Бога любові і міласэрнасці”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы ліванцаў працягваць нястомна сведчыць пра тое, што хрысціяне, мусульмане, друзы і многія іншыя могуць жыць разам, будуючы краіну, аб’яднаную ў павазе і дыялогу.

“Дыялог, натхнёны боскай любоўю, павінен ахопліваць усіх людзей добрай волі і адкідаць забабоны, дыскрымінацыю, пераслед, сцвярджаючы роўную годнасць кожнага чалавека”, - сказаў Папа, нагадваючы, што сутнасцю міжрэлігійнага дыялогу з’яўляецца “адкрыццё прысутнасці Бога па-за ўсякімі межамі і заклік шукаць Яго разам з пашанай і пакорай”.

Экуменічная і міжрэлігійная сустрэча ў Бейруце
Экуменічная і міжрэлігійная сустрэча ў Бейруце   (@Vatican Media)

Святы Айцец заўважыў, што сімвалам Лівана з’яўляецца не толькі кедр, але таксама шматлікія аліўкавыя дрэвы – сімвал прымірэння і супакою. “Іх доўгае жыццё і надзвычайная здольнасць квітнець нават у самых складаных умовах сімвалізуюць вытрываласць і надзею і адлюстроўваюць непарушную прыхільнасць, неабходную для падтрымкі мірнага суіснавання”, - сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы прамовы Леў XIV заклікаў ліванцаў ва ўсім свеце працягваць спаўняць сваё пакліканне будаваць мір, супрацьстаячы нецярпімасці, пераадольваючы гвалт, адкідаючы адчужэнне і паказваючы шлях да справядлівасці для ўсіх.
 

01 снежня 2025, 17:08