Пошук

Пасяджэнне Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц у Рыме, май 2019 года Пасяджэнне Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц у Рыме, май 2019 года  (Vatican Media)

Пантыфік заклікаў манахінь гаіць раны сучаснага свету

У пасланні з нагоды 60-годдзя заснавання Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц Леў XIV заклікаў манахінь быць “паломніцамі і місіянерскімі вучаніцамі надзеі”, каб адрадзіць давер і гаіць раны сучаснага свету.

Vatican News

Пантыфік накіраваў ліст на імя сястры Уны О’Шы, старшыні Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц (UISG), які быў заснаваны 8 снежня 1965 года. Ён нагадаў пра бачанне святога Паўла VI, якое спрыяла абнаўленню кансэкраванага жыцця ў сучасным свеце ў духу Другога Ватыканскага Сабора.

Святы Айцец падзякаваў аб’яднанню манахінь за вернае і мужнае служэнне напрацягу шасцідзесяці гадоў. За гэты час імі была створана прастора для дыялогу генеральных настаяцельніц манаскіх супольнасцей шасці кантынентаў, якая дазваляе ім дзяліцца багаццем харызмаў і дарамі Святога Духа на карысць Касцёла і свету.

Папа падкрэсліў, што наш час пазначаны “хуткімі зменамі і надзённымі патрэбамі”, таму служэнне сясцёр “на межах” свету з’яўляецца “магутным сведчаннем Евангелля”. Тое, што гадавіна заснавання аб’яднання генеральных настаяцельніц супадае з Юбілейным годам надзеі, з'яўляецца асаблівай ласкай, - адзначыў ён.

Леў XIV пажадаў манахіням, каб у гэты Святы год яны аднавілі пакліканне быць “паломніцамі і місіянерскімі вучаніцамі надзеі” – кансэкраванымі жанчынамі, якія кіруюцца Святым Духам і дапамагаюць "адрадзіць давер, загаіць раны і суправаджаць народ Божы са спачуваннем і радаснай настойлівасцю".

“Сёння мы святкуем гісторыю, якая пастаянна развіваецца, скіраваную ў будучыню і адкрытую на новыя гарызонты”, - адзначыла старшыня Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц сястра Уна О’Шы ў камюніке, якім яна абвясціла пра стварэнне дакументальнага фільма “Кансэкраванае жыццё. Надзея, якая перамяняе”. Стужка асвятляе служэнне сясцёр на геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферыях: іх прысутнасць побач з мігрантамі і бежанцамі, барацьбу з гандлем людзьмі, абарону чалавечай годнасці і намаганні па захаванню стварэння.

17 снежня 2025, 11:21