Папа: хрысціянская археалогія – прылада міру і экуменізму
Аляксандр Панчанка - Vatican News
11 снежня 2025 года Леў XIV прыняў у Ватыкане выкладчыкаў і студэнтаў Папскага інстытута хрысціянскай археалогіі. Аўдыенцыя была прымеркавана да 100-годдзя гэтай навучальнай установы, заснаванай у 1925 годзе Піем XI з мэтай навучання хрысціянскай археалогіі моладзі з розных краін свету.
Святы Айцец заўважыў, што місія Інстытута застаецца важнай таксама ў нашы дні – не толькі для гістарычнай навукі, але таксама для веры і хрысціянскай тоеснасці.
Пантыфік нагадаў, што хрысціянская археалогія даследуе гістарычны перыяд, калі Касцёл быў адзіным, таму яна з’яўляецца каштоўнай прыладай экуменізму. “Розныя канфесіі могуць распазнаць свае агульныя карані праз вывучэнне хрысціянскіх старажытнасцяў і такім чынам умацоўваць імкненне да поўнага адзінства”, - адзначыў Папа.
Леў XIV заклікаў сваіх гасцей браць удзел у “культурнай дыпламатыі”, якой патрабуе свет. Ён нагадаў, што культура дазваляе пераадольваць межы і забабоны, будаваць масты, спрыяць сустрэчы і ўмацоўваць згоду.
Святы Айцец пажадаў, каб Папскі інстытут хрысціянскай археалогіі, заснаваны ў Юбілей міру 1925 года, надалей заставаўся прыладай міру і надзеі. “І сапраўды, вы нясёце мір і надзею паўсюль, дзе праводзіце раскопкі і даследаванні, і там, дзе распазнаюць вашу бела-чырвоную эмблему з выявай Доброга Пастыра, вам адчыняюць дзверы не толькі як носьбітам ведаў і навукі, але таксама як вестнікам міру”, - дадаў Папа.
Пантыфік нагадаў таксама, што праца археолагаў мае важнае значэнне для таго, каб дапамагчы Еўропе зноў адкрыць свае агульныя хрысціянскія карані, у чым сёння існуе вялікая патрэба.
