Пошук

Папа: сэрца чалавека створана для паўнаты, якую дае Бог

Неспакойнае сэрца чалавека не будзе расчаравана, калі ўвойдзе ў дынаміку любові, для якой было створана, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 17 снежня 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Сапраўдны прыстанак для сэрца – гэта не валоданне дабротамі гэтага свету, а дасягненне таго, што можа яго цалкам напоўніць – Божай любові, ці, лепш, – Бога, які ёсць Любоўю”, - падкрэсліў Пантыфік, заўважыўшы, што гэты скарб можна знайсці толькі любячы братоў і сясцёр, якіх сустракаем на нашым зямным шляху.

Мы не машыны

Святы Айцец нагадаў, што “чалавечае жыццё пазначана пастаянным рухам, які падштурхоўвае нас нешта рабіць”. “Мы павінны выконваць розныя абавязкі, вырашаць праблемы, пераадольваць цяжкасці. Нават Езус быў залучаны ў людскія справы і жыццё, не шкадуючы сябе, і нават больш за гэта – дорачы сябе да канца”, - сказаў ён.

“І тым не менш, мы часта адчуваем, што калі робім шмат, замест адчування паўнаты трапляем у вір, які нас аглушае, пазбаўляе спакою, не дазваляе напоўніцу жыць тым, што па-сапраўднаму важнае ў нашым жыцці”, - адзначыў Пантыфік, дадаючы, што ў такіх сітуацыях напрыканцы дня людзі нярэдка адчуваюць сябе спустошанымі. На пытанне, чаму так адбываецца, Святы Айцец адказаў: таму што мы не машыны, мы маем “сэрца”, і нават больш – можам сказаць, што мы “з’яўляемся сэрцам”.

Дзе скарб твой, там і сэрца тваё

Леў XIV нагадаў словы евангеліста Мацвея, які, запрашаючы нас паразважаць над важнасцю сэрца, пераказаў цудоўныя словы Езуса: “Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё” (Мц 6,21).

“Сапраўдны скарб захоўваецца ў сэрцы, а не ў зямных сейфах, не ў вялікіх фінансавых інвестыцыях, якія сёння як ніколі шалёныя і несправядліва сканцэнтраваныя, абагаўлёныя крывавым коштам мільёнаў чалавечых жыццяў і знішчэння Божага стварэння”, - дадаў ён.

Неспакой сэрца вядзе да Бога

“Важна паразважаць над гэтымі аспектамі, бо пасярод шматлікіх намаганняў, якія мы няспынна прыкладаем, усё часцей узнікае рызыка дэпрэсіі, часам адчаю, адсутнасці сэнсу, нават у людзей, якія выглядаюць паспяховымі”, - падкрэсліў Папа, звяртаючы ўвагу на актуальнасць слоў святога Аўгустына: “Пане, Ты зрабіў нас для сябе, і неспакойнае сэрца наша, пакуль не адпачне ў Табе”.

“Неспакой – гэта знак таго, што нашы сэрцы не рухаюцца хаатычна, неўпарадкавана, без канца і мэты, але скіраваны да сваёй канчатковай мэты, якой ёсць “вяртанне дадому”, - дадаў ён.

Увайсці ў дынаміку любові

“Сапраўдны прыстанак сэрца – гэта не валоданне дабротамі гэтага свету, але дасягненне таго, што можа яго цалкам напоўніць – Божай любові, ці, лепш, – Бога, які ёсць Любоўю. Гэты скарб, аднак, можна знайсці толькі любячы бліжніх, якіх сустракаем на шляху: братоў і сясцёр у плоці і крыві, чыя прысутнасць заклікае і ставіць пытанні нашаму сэрцу, клічучы яго адкрыцца і падарыць сябе. Бліжні просіць цябе запаволіць рух, паглядзець яму ў вочы, часам змяніць планы, магчыма, нават змяніць напрамак”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што чалавечае сэрца паклікана вярнуцца да “крыніцы свайго быцця, цешыцца радасцю, якая не прамінае і не падводзіць”. “Сэрца чалавека не можа жыць без надзеі, без ведання таго, што было створана для паўнаты, а не для нястачы”, - сказаў ён.

“Езус Хрыстус праз сваё Уцелаўленне, Муку, Смерць і Уваскрасенне даў трывалы падмурак гэтай надзеі. Неспакойнае сэрца не будзе расчаравана, калі ўвойдзе ў дынаміку любові, для якой было створана”, - запэўніў, завяршаючы катэхезу, Святы Айцец.
 

17 снежня 2025, 11:19

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >