Пошук

Папа ў Порце Бейрута Папа ў Порце Бейрута  (ANSA)

Папа ў Порце Бейрута: маўклівая малітва за ахвяр выбуху

У апошні дзень візіту ў Ліван Леў XIV наведаў месца катастрофы 2020 года. Маўклівая малітва, кветкі і сустрэча з сем'ямі ахвяр сталі выразам салідарнасці з тымі, хто дагэтуль чакае справядлівасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Раніцай 2 снежня 2025 года праграма Святога Айца пачалася з прыватнага візіту ў шпіталь “De la Croix” у Джаль-эд-Дзібе. Тут Пантыфік сустрэўся з пацыентамі і медыцынскім персаналам. У 9.15 картэж накіраваўся да Порта Бейрута, праехаўшы 9,5 кіламетра. Гэта месца застаецца адкрытай ранай у памяці ліванскага народа.

Трагедыя, якая ўсхвалявала свет

14 жніўня 2020 года тут адбылася двайная катастрофа, якая забрала больш за 200 жыццяў, параніла каля 7 тысяч чалавек і пазбавіла даху над галавой 300 тысяч жыхароў сталіцы. Прычынай стаў нітрат амонію, канфіскаваны яшчэ ў 2014 годзе з кінутага карабля, які захоўваўся без належных мер бяспекі.

Леў XIV ускладвае вянок да манумента ахвярам выбуху у порце Бейрута
Леў XIV ускладвае вянок да манумента ахвярам выбуху у порце Бейрута

 

Першы, меншы выбух быў ледзь адчувальны, аднак другі ператварыўся ў адну з наймагутнейшых ненуклеарных дэтанацый у гісторыі. Амерыканская геалагічная служба зафіксавала падзею як падземны штуршок магнітудай 3,3.

Мінула ўжо пяць гадоў, але справа застаецца не даведзенай да канца. Нягледзячы на міжнародныя заклікі да незалежнага расследавання, працэс пастаянна натыкаецца на перашкоды. У лютым гэтага года суддзя следства аднавілася. Сем’і ахвяр, пацярпелыя і людзі, траўміраваныя гэтай трагедыяй, па-ранейшаму чакаюць праўды і справядлівасці.

Момант маўклівай памяці

Каля мемарыяла загінулым Папу сустрэў прэм'ер-міністр Наваф Салам. Леў XIV спыніўся ў цішыні перад манументам, каб узнесці малітву за тых, хто загінуў у агні і пад руінамі. Ён усклаў кветкавы вянок, пасля чаго асабіста прывітаў сваякоў ахвяр і тых, хто выжыў у той страшны дзень. Гэты кароткі, але глыбокі па змесце візіт стаў сімвалічным жэстам блізкасці Касцёла да людскога болю.

Сваякі ахвяр выбуху ў порце Бейрута
Сваякі ахвяр выбуху ў порце Бейрута   (AFP or Licensors)

Горад, які аднаўляецца

Пасля гэтага шлях Пантыфіка пралёг да набярэжнай Бейрута, размешчанай усяго за два з паловай кіламетры адтуль. Гэтая прыбярэжная зона паміж турыстычнай прыстанню і цэнтрам сталіцы мае адметную гісторыю: яна была створана на штучна насыпанай зямлі з друзу і абломкаў цэнтральных кварталаў, знішчаных падчас грамадзянскай вайны. Сёння гэты раён ператвараецца ва ўзор сучаснага гарадскога развіцця, даючы надзею на адраджэнне шматпакутнага горада.

Каля 9.55 Леў XIV прыбыў на набярэжную Бейрута. Тут Папа праехаў у папамабілі сярод вернікаў, вітаючы тых, хто сабраўся на малітву, а потым узначаліў Імшу пад адкрытым небам на тэрыторыі “Beirut Waterfront”, што стала завяршальным этапам яго першага апостальскага падарожжа, якое ўключыла Турцыю і Ліван.
 

02 снежня 2025, 09:57