Пошук

Папа: давяраю Богу ахвяр нападу на яўрэйскую супольнасць у Сіднеі

Яслі нагадваюць пра патрэбу ў момантах цішыні ў нашым жыцці, каб знайсці сябе і ўвайсці ў еднасць з Богам, - падкрэсліў Папа. Ён заклікаў маліцца за ахвяр тэракту супраць яўрэйскай супольнасці ў Сіднеі і нагадаў пра важнасць абароны чалавечага жыцця ад самага яго зачацця.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

15 снежня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў італьянскай дыяцэзіі Начэра Інферыёрэ-Сарна і муніцыпалітэтаў Лагунда і Ульціма, якія ахвяравалі бэтлеемскія яслі і ёлку, усталяваныя на Плошчы Святога Пятра, а таксама дэлегацыю з Коста-Рыкі, адкуль прыбыла калядная стаенка для Залы Паўла VI.

Маліцца аб дары міру і братэрства

“Дарагія браты і сёстры, яслі і ёлка – гэта знакі веры і надзеі; сузіраючы іх у нашых дамах, парафіях і плошчах, давайце папросім Пана аднавіць у нас дар міру і братэрства. Давайце будзем маліцца за тых, хто пакутуе ад вайны і гвалту; асабліва хачу даверыць Пану ахвяр тэрарыстычнага нападу, які быў здзейснены ўчора ў Сіднеі супраць яўрэйскай супольнасці. Досыць антысемісцкага гвалту! Трэба выкараніць нянавісць з нашых сэрцаў!”, - заклікаў Святы Айцец.

Патрэба ў момантах цішыні

Гаворачы пра яслі, ўстаноўленыя на Плошчы Святога Пятра, Папа падкрэсліў, што яны нагадаюць пілігрымам з усяго свету, што Бог стаў блізкім да чалавецтва, стаў адным з нас, уваходзячы ў нашу гісторыю як малое дзіця.

“Насамрэч, у беднасці бэтлеемскай стайні, мы сузіраем таямніцу пакоры і любові. Перад кожнымі яслямі, нават тымі, што зроблены ў нашых дамах, мы зноў перажываем тую Падзею і адкрываем для сябе патрэбу ў пошуку ў нашым жыцці хвілін цішыні і малітвы, каб знайсці саміх сябе і ўвайсці ў еднасць з Богам”, - сказаў Святы Айцец.

Прыклад Панны Марыі

Папа заўважыў, што прыклад маўчання ў пакланенні нам дае Панна Марыя. “У адрозненні ад пастухоў, якія, вяртаючыся з Бэтлеема, славілі Бога і распавядалі пра тое, што бачылі і чулі, Маці Езуса захоўвала ўсё ў сваім сэрцы. Яе маўчанне – не простая бязмоўнасць: гэта захапленне і пакланенне”, - падкрэсліў Пантыфік.

Агні – сімвал Хрыста

Звяртаючыся да сімвалізму святочнай ёлкі, Папа заўважыў, што яе вечназялёныя галінкі з’яўляюцца знакам жыцця. “Яна нагадвае пра надзею, якая не знікае нават пасярод холаду зімы. Агні, якія яе ўпрыгожваюць, сімвалізуюць Хрыста – святло свету, Які прыйшоў, каб разагнаць цемру граху і асвяціць наш шлях”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Жыццё трэба абараняць ад самага зачацця

Выказваючы падзяку дэлегацыі з Коста Рыкі за стаенку, устаноўленую ў ватыканскай зале для аўдыенцый, Пантыфік заўважыў, што яе аздабляюць 28 тысяч рознакаляровых стужак, якія сімвалізуюць жыцці, уратаваныя ад аборту, дзякуючы малітве і падтрымцы, якую аказваюць каталіцкія арганізацыі маці, што знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. “Дзякую костарыканскай мастачцы, якая пажадала, разам з калядным пасланнем міру, скіраваць заклік абараняць жыццё ад самага зачацця”, - сказаў Папа.

Дазволім Божай любові застацца ў нас

На заканчэнне прамовы Святы Айцец заклікаў усіх дазволіць пяшчоце Дзіцятка Езуса асвятляць наша жыццё, а Божай любові, падобна да галінаў вечназялёнага дрэва, заўсёды заставацца жывой у нас.

Цырымонія інаўгурацыі

Цырымонія інаўгурацыі калядных сімвалаў пройдзе ўвечары. Яе ўзначаліць сястра Рафаэла Петрыні, старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан. Па традыцыі яслі і ёлка будуць упрыгожваць Плошчу Святога Пятра да заканчэння перыяду Божага Нараджэння: яно супадае са святам Хросту Пана, што будзе адзначацца 11 студзеня 2026 года.
 

15 снежня 2025, 12:06