Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота

Святы Айцец: ахоўваць дзяржаўную бяспеку з павагай да этыкі

Клопат пра бяспеку дзяржавы павінен заўсёды ажыццяўляцца з павагай да годнасці і правоў людзей, - падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў італьянскіх спецслужб.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 снежня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі членаў Сістэмы інфармацыі для бяспекі Рэспублікі – італьянскай дзяржаўнай установы, якая каардынуе разведвальную дзейнасць і службы бяспекі краіны. Святы Айцец падзякаваў сваім гасцям за працу, якую яны выконваюць дзеля абароны міру і прадухілення магчымых пагроз жыццю грамадства.

Пантыфік заклікаў прадстаўнікоў спецслужб выконваць іх служэнне не толькі прафесійна, але таксама з павагай да этычных прынцыпаў, бяручы пад увагу прынамсі два неад’емныя аспекты: павагу да годнасці чалавека і этыку камунікацыі.

Павага да годнасці чалавека

Папа заўважыў, што ў ажыццяўленні клопату пра нацыяльную бяспеку, ніколі нельга губляць з поля зроку павагу да годнасці і правоў кожнай асобы. “У пэўных складаных абставінах, калі агульнае дабро, якога трэба дасягнуць, здаецца важнейшым за ўсё астатняе, ёсць рызыка забыць пра гэта этычнае патрабаванне і таму не заўсёды лёгка знайсці раўнавагу”, - сказаў ён.

“Таму неабходна ўсталяваць межы, згодна з крытэрыем годнасці чалавека, і заставацца пільнымі перад абліччам спакус, перад якімі вас ставіць ваша праца”, - дадаў Пантыфік, выказваючы пажаданне, каб “клопат пра нацыянальную бяспеку заўсёды і паўсюль гарантаваў правы людзей, іх асабістае і сямейнае жыццё, свабоду сумлення і інфармацыі, доступ да справялівага правасуддзя”.

У гэтым кантэксце Святы Айцец адзначыў, што дзейнасць спецслужб павінна рэгулявацца законамі, належным чынам зацверджанымі і апублікаванымі, падлягаць нагляду з боку судовай улады, а іх бюджеты – грамадскаму і празрыстаму кантролю.

Этыка камунікацыі

Закранаючы пытанне этыкі камунікацыі Леў XIV заўважыў, што з’яўленне новых тэхналогій стварае вялікія магчымасці, але таксама і пагрозы. “Масавы і няспынны абмен інфармацыяй патрабуе таго, каб з крытычным мысленнем ажыццяўляць нагляд за некаторымі пытаннямі жыццёвай важнасці: адрозніваннем праўды ад фэйкавых навін, неабгрунтаваным раскрыццём прыватнага жыцця, манінуляваннем найбольш уразлівымі, логікай шантажу, падбухторваннем да нянавісці і гвалту”, - падкрэсліў Папа.

“Трэба пільна сачыць за тым, каб канфідэнцыйная інфармацыя не выкарыстоўвалася для запалохвання, маніпулявання, дэскрэдытацыі дзейнасці палітыкаў, журналістаў ці іншых актораў грамадзянскай супольнасці. Усё гэта датычыць таксама касцельнай сферы. Насамрэч, у некаторых краінах Касцёл з’яўляецца ахвярай разведвальных служб, якія дзейнічаюць дзеля нядобрых мэт, абмяжоўваючы яго свабоду. Гэтыя рызыкі заўсёды павінны ўлічвацца і яны патрабуюць высокіх маральных якасцей ад тых, хто рыхтуецца выковаць такую працу як ваша, і ад тых, хто ўжо даўно яе выконвае”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік аддаў даніну пашаны работнікам італьянскіх спецслужб, якія загінулі пры выкананні сваіх абавязкаў, а таксама падзякаваў сваім гасцям за дапамогу ў гарантаванні бяспекі Апостальскай Сталіцы і Ватыкана.
 

12 снежня 2025, 12:25