Папа: бэтлеемскія яслі – дар святла і надзеі для нашага свету
Аляксандр Панчанка - Vatican News
13 снежня 2025 года Папа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля тысячы ўдзельнікаў “Жывых бэтлеемскіх ясляў” – інсцэніроўкі Божага Нараджэння, якая ўвечары адбудзецца на вуліцах Рыма.
Гэта маштабнае тэатралізаванае прадстаўленне, у якім возьмуць удзел акцёры з розных частак Італіі, завершыцца перад Базілікай Санта-Марыя-Маджорэ, дзе захоўваецца Sacra Culla (лац. Святая Калыска) – некалькі драўляных фрагментаў ясляў, у якія, згодна з паданнем, Багародзіца паклала нованароджанага Хрыста ў Бэтлееме.
Каштоўнае пасланне бэтлеемскіх ясляў
Пантыфік заўважыў, што менавіта гэтая старажытная рэліквія, разам з падарожжам у Святую Зямлю, натхніла святога Францішка ў 1223 годзе адзначыць “Божае Нараджэнне ў Грэча”, адкуль нарадзілася традыцыя калядных стаенак.
“З таго часу ва ўсіх частках свету распаўсюдзіўся звычай выяўляць самымі рознымі спосабамі Нараджэнне Пана – Бога, які “прыйшоў без зброі, без сілы, […] каб перамагчы пыху, гвалт, прагнасць чалавека […] і прывесці нас да нашай сапраўднай тоеснасці”, - заўважыў Святы Айцец, спасылаючыся на словы Бэнэдыкта XVI.
Сведчанне таго, як цудоўна быць вучнямі Езуса
“Папа Францішак казаў, што перад бэтлеемскімі яслямі “праз сузіранне сцэны Божага Нараджэння мы запрошаныя да духоўнага падарожжа, прывабленыя пакораю таго, хто стаўся чалавекам, каб сустрэць кожнага чалавека”. Гэта менавіта так: з Бэтлеемскай гроты, дзе Марыя, Юзаф і Дзіцятка знаходзяцца ў сваёй раззбройваючай беднасці, мы адпраўляемся ў шлях, каб пачаць новае жыццё па слядах Езуса. Вы будзеце сведчыць пра гэта ўвечары праз працэсію, у якой пройдзеце па вуліцах горада. Дзякуючы яе харэаграфіі, касцюмам і музыцы яна стане радасным знакам таго, як цудоўна быць вучнямі Езуса – Бога, які стаўся чалавекам, Сонца, якое ўзыходзіць, “каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным; каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою” (Лк 1,79)”, - сказаў Леў XIV.
Яслі – дар святла для нашага свету
“Дарагія, бэтлеемскія яслі – гэта важны знак: яны нагадваюць, што мы – частка цудоўнай прыгоды Збаўлення, у якой ніколі не бываем самотнымі, і што, як казаў святы Аўгустын, “Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам, […] каб чалавек, які жыве на зямлі, мог знайсці дом на небе”. Распаўсюджвайце гэта пасланне і захоўвайце жывой гэту традыцыю. Яна – дар святла для нашага свету, які мае вялікую патрэбу ў тым, каб працягваць мець надзею”, - падкрэсліў на завяршэнне прамовы Святы Айцец.
