Пошук

Папа Леў XIV падчас малітвы за мір на Плошчы Святога Пятра Папа Леў XIV падчас малітвы за мір на Плошчы Святога Пятра  (@Vatican Media)

Папа: адкрыемся на мір, апраўданне гвалту рэлігіяй – блюзнерства

У пасланні на Сусветны дзень міру, якое было апублікавана 18 снежня 2025 года, Леў XIV заклікаў да раззбраення, дыялогу і навяртання сэрцаў. Ён падкрэсліў недапушчальнасць апраўдання гвалту рэлігіяй.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Мір уваскрослага Хрыста бяззбройны, бо бяззбройнай была Яго барацьба ў канкрэтных гістарычных, палітычных і сацыяльных абставінах”, – нагадаў Папа ў пасланні на 59-ы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 1 студзеня 2026 года. Тэма дакумента: “Супакой усім вам. На шляху да бяззбройнага і раззбройваючага міру”.

Святло ў цемры

Пантыфік нагадаў, што мір – гэта дар Уваскрослага Хрыста. Яго прывітанне “Супакой вам” не з’яўляецца толькі пажаданнем, але рэальнай сілай, якая перамяняе свет і тых, хто яго прымае.

Леў XIV заўважыў, што перад абліччам канфліктаў і гвалту лёгка паддацца безнадзейным наратывам. Але мір – гэта не ілюзія і не далёкая мэта. “Мір існуе, шукае ў нас прыстанак, валодае мяккай сілай прасвятляць і пашыраць розум; ён супрацьстаіць гвалту і перамагае яго. Мір мае дыханне вечнасці: у той час як злу крычаць “досыць”, міру шэпчуць “заўсёды”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў словы святога Аўгустына, які заклікаў хрысціян да непарушнага сяброўства з мірам, каб, “захоўваючы яго ў глыбіні свайго духу, яны выпраменьвалі вакол сябе яго светлае цяпло”. “Звяртаючыся да сваёй супольнасці, ён пісаў: “Калі хочаце прывесці іншых да міру, спачатку майце мір у сабе; будзьце моцныя ў міры. Каб запаліць іншых, трэба, каб у вас саміх палаў агонь”, - падкрэсліў Леў XIV.

Давайце прымем мір

Папа заклікаў усё чалавецтва прыняць мір. “Незалежна ад таго, ці маем мы дар веры, ці адчуваем, што яго ў нас няма, дарагія браты і сёстры, давайце адкрыемся на мір. Прымем яго, прызнаем і не будзем лічыць далёкім і немагчымым. Перш чым быць мэтай, мір – гэта прысутнасць і шлях. Нават калі ён сустракае супраціў, як унутры нас, так і звонку, давайце захаваем яго як маленькае полымя, якому пагражае бура, не забываючы імёнаў і гісторый тых, хто сведчыў нам пра яго”, - заахвоціў Пантыфік.

Схавай меч у ножны

Папа нагадаў словы Езуса, сказаныя Пятру: “Схавай меч у ножны”. Ён падкрэсліў, што Хрыстус заклікаў сваіх вучняў ісці шляхам ненасілля, нават калі яны яго аспрэчвалі. “Мір уваскрослага Хрыста бяззбройны, бо бяззбройнай была Яго барацьба ў канкрэтных гістарычных, палітычных і сацыяльных абставінах. Хрысціяне павінны разам па-прароцку сведчыць пра гэту навізну, памятаючы пра трагедыі, у якіх яны так часта станавіліся саўдзельнікамі”, - напісаў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што “калі мы ўспрымаем мір як далёкі ідэал, тады мы перастаём лічыць абуральным тое, што яго можна адмаўляць і што можна нават весці вайну дзеля дасягнення міру”.

“Невыпадкова шматразовыя заклікі да павелічэння ваенных выдаткаў і вынікаючыя з іх рашэнні апраўдваюцца многімі кіраўнікамі народаў небяспекай з боку іншых”, - адзначыў Святы Айцец, выказваючы шкадаванне з прычыны росту інвестыцый ва ўзбраенні, пашырэння камунікацыйных кампаній і адукацыйных праграм, якія распаўсюджваюць пачуццё пагрозы і перадаюць выключна ваеннае разуменне абароны і бяспекі.

Раззброіць сэрцы

Пантыфік нагадаў словы святога Аўгустына, які казаў, што сапраўдны прыхільнік міру любіць нават ворагаў міру, а гэта значыць не спальваць масты і быць адкрытымі на дыялог. Ён прывёў таксама словы Другога Ватыканскага Сабору пра тое, што кіраўнікі народаў і галоўнае ваеннае камандаванне павінны “няспынна памятаць пра сваю вялізную адказнасць перад Богам і перад усім чалавецтвам”.

“Пацвярджаючы заклік Айцоў Сабору і лічачы шлях дыялогу самым эфектыўным на ўсіх узроўнях, мы канстатуем, што далейшы тэхналагічны прагрэс і ваеннае ўжыванне штучнага інтэлекту радыкалізавалі трагедыю ўзброеных канфліктаў. Намячаецца нават працэс зняцця адказнасці з палітычных і ваенных лідараў з-за ўсё большага “дэлегавання” машынам рашэнняў адносна жыцця і смерці людзей. Гэта беспрэцэдэнтна дэструктыўная спіраль для прававога і філасофскага гуманізму, на якім заснавана і дзякуючы якому захоўваецца ўсякая цывілізацыя. Неабходна выкрыць велізарную канцэнтрацыю прыватных эканамічных і фінансавых інтарэсаў, якія падштурхоўваюць дзяржавы ў гэтым напрамку; але гэтага будзе недастаткова, калі адначасова не садзейнічаць абуджэнню сумлення і крытычнага мыслення”, - напісаў Папа.

Апраўданне гвалту рэлігіяй – блюзнерства

“Дабрыня раззбройвае. Магчыма, таму Бог стаў дзіцяткам”, – падкрэсліў Святы Айцец. Ён нагадаў словы святога Яна XXIII пра тое, што “сапраўднае раззбраенне немагчыма, калі не будзе ўціхамірваны розум, заражаны псіхозам вайны”, а таксама пра тое, што сапраўдная аснова міру – гэта ўзаемны давер.

“Менавіта гэта з’яўляецца асноўным служэннем, якое рэлігіі павінны аказаць чалавецтву, што пакутуе, пільна назіраючы за ростам спробаў ператварыць у зброю нават думкі і словы. Вялікія духоўныя традыцыі, раўна як правільнае выкарыстанне розуму, дазваляюць нам выйсці за рамкі кроўных і этнічных сувязяў, за рамкі тых брацтваў, якія прызнаюць толькі падобных да сябе і адрынаюць непадобных”, - напісаў Папа.

“На жаль, усё часцей у сучасным свеце словы веры ўцягваюцца ў палітычную барацьбу, благаслаўляюць нацыяналізм, даюць рэлігійнае апраўданне гвалту і ўзброенай барацьбе. Вернікі павінны актыўна абвяргаць, перш за ўсё сваім жыццём, такія формы блюзнерства, якія кідаюць цень на Святое Імя Бога”, – дадаў Пантыфік, выказваючы пажаданне, каб кожная супольнасць на зямлі стала “прыстанкам міру”, дзе “вучацца абясшкоджваць варожасць дыялогам, дзе здзяйсняецца справядлівасць і цэніцца прабачэнне”.

Палітычны і маральны імператыў

Пантыфік заклікаў палітыкаў грунтоўна разгледзець “праблему мірнага аднаўлення братэрскіх адносін паміж дзяржавамі на ўсёй планеце, зыходзячы з узаемнага даверу, адкрытых перамоў, вернасці прынятым абавязацельствам”.

“Трэба матываваць і падтрымліваць кожную духоўную, культурную і палітычную ініцыятыву, якая ажыўляе надзею і супрацьстаіць распаўсюджванню “фаталістычных установак”, быццам цяперашнімі працэсамі кіруюць ананімныя бесасабовыя сілы і структуры, незалежныя ад чалавечай волі”. Бо калі “найлепшы спосаб умацаваць панаванне і атрымаць кантроль над людзьмі – гэта сеяць адчай і смутак, робячы гэта пад маскай адстойвання пэўных каштоўнасцей”, то такой стратэгіі трэба супрацьпаставіць развіццё свядомых грамадзянскіх супольнасцей, адказных аб’яднанняў, досвед негвалтоўнага ўдзелу і практык аднаўляючага правасуддзя ў вялікіх і малых маштабах”, - напісаў Папа.

Раззброіць сэрцы, думкі і жыццё

Пантыфік завяршыў пасланне выказваннем надзеі на тое, што Юбілей надзеі натхніць мільёны людзей зноў адкрыць сябе як пілігрымаў і пачаць у саміх сабе раззбройваць сэрцы, думкі і жыццё.

18 снежня 2025, 12:05