Папа: Маці Божая Гвадэлупская, навучы народы не дзяліць свет
Аляксандр Панчанка - Vatican News
12 снежня 2025 года Леў XIV узначаліў святую Імшу з нагоды літургічнага ўспаміну Маці Божай Гвадэлупскай. У цэлебрацыі на іспанскай мове, якая прайшла ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане, бралі ўдзел шматлікія прадстаўнікі краін Лацінскай Амерыкі. У гаміліі Пантыфік узнёс доўгую малітву да Марыі, “маці любові”, Якая дазволіла сябе перамяніць агнём Божага слова, і “прысутнасць якой падтрымлівае, калі жыццё становіцца нязносным”.
“Маці, мы хочам быць Тваімі сапраўднымі дзецьмі: скажы нам, як хадзіць у веры, калі нашы сілы слабеюць, а цені становяцца большымі. Дапамажы нам зразумець, што з Табой нават зіма становіцца часам руж.
Як Тваё дзіця, я прашу: Маці, навучы народы, якія хочуць быць Тваімі дзецьмі, не дзяліць свет на непрымірымыя групы, не дазваляй нянавісці пазначаць іх гісторыю, а хлусні – пісаць іх памяць. Пакажы ім, што ўлада павінна ажыццяўляцца як служэнне, а не як панаванне. Навучы іх лідараў іх абавязку абараняць годнасць кожнага чалавека на кожным этапе жыцця. Зрабі, каб гэтыя народы, Твае дзеці, былі месцамі, дзе кожны чалавек можа адчуваць сябе прынятым.
Суправаджай, Маці, самых маладых сярод нас, каб яны атрымлівалі ад Хрыста сілу выбіраць дабро і мужнасць заставацца моцнымі ў веры, нават калі свет цягне іх у іншы бок. Пакажы ім, што Твой Сын ідзе побач з імі. Няхай нішто не прыгнятае іх сэрцы, каб яны маглі без страху прыняць Божыя задумы. Абарані іх ад злачыннасці, залежнасцяў і пагрозы бессэнсоўнага жыцця.
Шукай, Маці, тых, хто аддаліўся ад святога Касцёла: няхай Твой позірк дасягне іх там, дзе іх не дасягае наш, няхай сіла Тваёй любові разбурыць муры, якія нас аддзяляюць, і верне іх дадому. Маці, малю Цябе, схілі сэрцы тых, хто сее разлад, да жадання Твайго Сына, каб “усе былі адно”, і ўмацуй іх у любові, якая робіць магчымым адзінства, бо ў Касцёле, Маці, мы, Твае дзеці, не можам быць падзелены.
Умацуй сем’і: няхай бацькі, ідучы за Тваім прыкладам, выхоўваюць сваіх дзяцей з пяшчотай і рашучасцю, каб кожны дом быў школай веры. Натхняй, Маці, тых, хто фарміруе розумы і сэрцы, каб яны перадавалі праўду з евангельскай пяшчотай, дакладнасцю і яснасцю. Падбадзёрвай тых, каго Твой Сын паклікаў ісці побач з Ім: падтрымлівай духавенства і кансэкраваных асоб у іх штодзённай вернасці і аднаўляй іх першую любоў. Захоўвай іх унутраны свет у малітве, абараняй іх ад спакус, падтрымлівай іх у хвіліны стомленасці і дапамагай тым, хто страціў надзею.
Святая Дзева, дапамажы нам, па Тваім прыкладзе, захоўваць Евангелле ў нашых сэрцах. Дапамажы нам разумець, што, будучы яго адрасатамі, мы не з’яўляемся ўладальнікамі гэтага паслання, але, як святы Хуан Дыега, толькі яго слугамі”, - сказаў Папа, просячы Маці Божую Гвадэлупскую ўмацаваць таксама яго ў служэнні Наступніка святога Пятра, каб ён мог у веры весці да Хрыста тых, хто яму давераны.
