Пошук

Папа нагадаў еўрадэпутатам пра важнасць духоўных каранёў Еўропы

Голас Касцёла павінен працягваць гучаць не як спроба вярнуцца ў мінулую эпоху, а каб не страціць ключавыя рэсурсы для будучага супрацоўніцтва і інтэграцыі, - падкрэсліў Пантыфік падчас сустрэчы з еўрадэпутатамі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

10 снежня 2025 года ў Ватыкане адбылася сустрэча Льва XIV з дэлегацыяй групы “Еўрапейскія кансерватары і рэфарматары” Еўрапейскага парламента, якая прыбыла ў Рым для ўдзелу ў канферэнцыі сваёй фракцыі.

Папа падзякаваў дэпутатам за іх служэнне ўсяму грамадству, а не толькі сваім выбаршчыкам. Ён падкрэсліў, што любая высокая пасада патрабуе адказнасці за садзейнічанне агульнаму дабру і заклікаў не выпускаць з-пад увагі тых, хто на перыферыі, тых, каго Езус называў “меншымі” сярод нас (Лк 9:48).

Дыялог як прыкмета цывілізаванасці

Пантыфік нагадаў, што парламент існуе дзеля таго, каб у ім маглі выказвацца і абмяркоўвацца розныя погляды і меркаванні, пры гэтым “адметнай рысай любога цывілізаванага грамадства з'яўляецца тое, што рознагалоссі абмяркоўваюцца з ветлівасцю і павагай”. Ён падкрэсліў, што ўменне ўважліва слухаць, спрачацца і весці дыялог з апанентамі сведчыць пра павагу да дадзенай Богам чалавечай годнасці. Папа заахвоціў дэпутатаў натхняцца прыкладам святога Тамаша Мора – апекуна палітыкаў, чыя мудрасць, мужнасць і абарона сумлення застаюцца актуальнымі і сёння.

Хрысціянская спадчына – гістарычны факт

Леў XIV далучыўся да закліку сваіх папярэднікаў аб неабходнасці памятаць пра юдэа-хрысціянскія карані Еўропы. Ён адзначыў, што гаворка ідзе не проста пра захаванне традыцый ці абарону правоў хрысціян, а, перш за ўсё, пра прызнанне факту: мы з’яўляемся спадкаемцамі ўнёску хрысціянскіх супольнасцяў у еўрапейскае грамадства.

Пантыфік прыгадаў важныя культурныя каштоўнасці заходняй цывілізацыі: яе велічныя кафедральныя саборы, узвышанае мастацтва і музыку, дасягненні навукі і распаўсюджванне ўніверсітэтаў. Усё тое, што стварыла непарыўную сувязь паміж хрысціянствам і еўрапейскай гісторыяй, якую варта берагчы і праслаўляць.

Голас Касцёла і сучасныя выклікі

Папа асабліва падкрэсліў багатыя этычныя прынцыпы хрысціянскай Еўропы, якія абараняюць неад'емную годнасць кожнага чалавека ад зачацця да натуральнай смерці. Ён адзначыў, што гэтыя каштоўнасці неабходныя і сёння, калі Еўропа сутыкаецца з беднасцю, сацыяльнай ізаляцыяй, эканамічнымі цяжкасцямі, кліматычным крызісам, насіллем і вайной. Голас Касцёла, яго сацыяльнае вучэнне, павінен працягваць гучаць не для таго, каб вярнуцца ў мінулую эпоху, а каб не страціць ключавыя рэсурсы для будучага супрацоўніцтва і інтэграцыі.

Дыялог веры і розума

Пантыфік падкрэсліў важнасць дыялогу паміж "светам розуму і светам веры – светам свецкай рацыянальнасці і светам рэлігійных перакананняў" (Бэнэдыкт XVI, зварот да грамадзянскай супольнасці, Лондан, 17 верасня 2010 года). Вера і розум выконваюць функцыю ўзаемнага "ачышчэння", не дазваляючы адно аднаму стаць ахвярай скажэнняў. “Малюся, каб вы адыгралі пазітыўную ролю ў гэтым важным дыялогу не толькі дзеля народаў Еўропы, але і для ўсёй чалавечай сям'і”, - сказаў Леў XIV.

Напрыканцы сустрэчы Папа запэўніў еўрадэпутатаў у сваёй малітве і пажадаў ім мудрасці, радасці і міру.

10 снежня 2025, 11:49