Пошук

Святы Айцец: Уваскрасенне асвятляе таямніцу смерці

Пра выхаваўчую каштоўнасць разважання аб смерці нагадаў Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 10 снежня 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Таямніца смерці заўсёды выклікала ў чалавеку глыбокія пытанні. На самай справе яна ўспрымаецца як найбольш натуральная і адначасова найбольш ненатуральная падзея. Натуральная – бо кожная істота, што жыве на зямлі, памірае. Ненатуральная – бо жаданне жыцця і вечнасці для сябе і людзей, якіх любім, паказвае нам смерць як прысуд, як нешта, што супярэчыць сэнсу”, - заўважыў Папа, працягваючы юбілейны катэхетычны цыкл “Езус Хрыстус – наша надзея”.

Страх перад смерцю

Пантыфік нагадаў, што старажытныя народы развівалі абрады і звычаі, звязаныя з культам памерлых, каб суправаджаць і памятаць тых, хто пераходзіць у найвышэйшую таямніцу. “Сёння, аднак, назіраецца адваротная тэндэнцыя: смерць успрымаецца як пэўнага роду табу, падзея, якую трэба трымаць на аддаленні, пра якую трэба казаць упаўголаса, каб не парушаць нашу адчувальнасць і бестурботнасць. Таму людзі часта пазбягаюць візітаў на могілкі, дзе тыя, хто нас апярэдзіў, спачываюць у чаканні ўваскрашэння”, - заўважыў Святы Айцец.

Чалавек – адзіная істота, якая ўсведамляе сваю смяротнасць

“Што ж такое смерць? Ці сапраўды яна з’яўляецца апошнім словам пра наша жыццё? Толькі чалавек задаецца гэтым пытаннем, бо толькі ён ведае, што павінен памерці. Але ўсведамленне гэтага не выбаўляе яго ад смерці. Больш за тое, у пэўным сэнсе гэта “абцяжарвае” яго, у адрозненне ад іншых жывых істот. Вядома, жывёлы пакутуюць і адчуваюць набліжэнне смерці, але яны не ведаюць, што смерць – гэта частка іх лёсу. Яны не задаюцца пытаннямі пра сэнс, канец, вынік жыцця”, - сказаў Леў XIV.

Папа адзначыў, што з гэтага пункту гледжання чалавек можа лічыць сябе няшчасным стварэннем – не толькі з прычыны смяротнасці, але і праз упэўненасць у непазбежнасці смерці, нават калі ён не ведае, як і калі яна прыйдзе. Па словах Святога Айца, магчыма, менавіта гэта адчуванне бяссілля прымушае людзей уцякаць ад пытанняў пра смерць.

Выхаваўчая каштоўнасць смерці

Леў XIV нагадаў словы святога Альфонса Марыі дэ Лігуоры, які, разважаючы пра выхаваўчую каштоўнасць смерці, называў яе вялікай настаўніцай жыцця. “Ведаць пра яе існаванне і асабліва разважаць пра яе – гэта вучыць нас выбіраць, што нам па-сапраўднаму рабіць з нашым жыццём. Маліцца, каб зразумець тое, што карысна для Нябеснага Валадарства, і пакідаць усё лішняе, што прывязвае нас да прамінальнага – гэта сакрэт сапраўднага жыцця ва ўсведамленні таго, што прабыванне на зямлі рыхтуе нас да вечнасці”, - сцвердзіў Папа.

Навука не гарантуе бясконцага шчасця

Пантыфік звярнуў увагу на імкненне перамагчы смерць з дапамогай навукі і тэхналогій. “Але ці можа сама навука гарантаваць нам, што жыццё без смерці – гэта шчаслівае жыццё?”, - прапанаваў задумацца ён.

Смерць – пераход да шчаслівай вечнасці

Па словах Святога Айца, Уваскрасенне Хрыста паказвае, што смерць не супярэчыць жыццю, але з’яўляецца яго часткай – пераходам да жыцця вечнага. Пасха Езуса дазваляе нам прадчуваць ужо ў наш час, яшчэ напоўнены пакутамі і выпрабаваннямі, паўнату таго, што адбудзецца пасля смерці, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што сімвалам прадвесця вечнага жыцця пасля смерці з’яўляецца святло пасхальнага світанку – новае святло Уваскрасення, якое асвяціла цемру, што апусцілася на Кальварыю.

“Толькі гэта падзея здольная да канца асвяціць таямніцу смерці. У гэтым святле і толькі ў ім становіцца праўдзівым тое, чаго прагне і на што спадзяецца наша сэрца: што смерць – гэта не канец, а пераход да поўнага святла, да шчаслівай вечнасці”, - сказаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што чаканне смерці “з цвёрдай надзеяй на ўваскрасенне захоўвае нас ад страху знікнуць назаўсёды і рыхтуе да радасці бясконцага жыцця”.
 

10 снежня 2025, 10:35

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >