Пошук

Пантыфік – дыпламатам: раззброіць пракламацыі і прамовы

Святы Айцец заклікаў дыпламатаў быць людзьмі слова, якія заўсёды шукаюць дыялогу, супрацьлеглым якому з'яўляецца абраза – вербальная агрэсія і вайна слоў, узброеная хлуснёй, прапагандай і крывадушнасцю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

13 снежня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Юбілею італьянскай дыпламатыі – пілігрымкі да Святой Брамы Базілікі Святога Пятра ў Ватыкане, якую здзейснілі работнікі італьянскіх дыпламатычных ведамстваў разам з міністрам замежных спраў Антоніа Таяні з нагоды Юбілейнага 2025 года.

Надзея дапамагае заўсёды шукаць дыялогу

Пантыфік нагадаў, што надзея, якой прысвечаны Святы год – гэта не проста жаданне чагосьці няпэўнага, а стан волі, калі яна рашуча імкнецца да дабра і справядлівасці. “Надзея мае каштоўнае значэнне для служэння, якое вы выконваеце: у дыпламатыі толькі той, хто сапраўды мае надзею, заўсёды шукае і падтрымлівае дыялог паміж бакамі, спадзеючыся на ўзаемнае разуменне нават перад абліччам цяжкіх і напружаных сітуацый”, - сказаў ён.

Выхоўваць манеру размаўляць

Святы Айцец нагадаў, што дыялог з’яўляецца фундаментальнай патрэбай адносін паміж людзьмі. “У шматнацыянальным асяроддзі становіцца неабходным клапаціцца пра дыялог, спрыяючы ўзаемнаму і міжкультурнаму разуменню як знаку прыняцця, інтэграцыі і братэрства. На міжнародным узроўні такі падыход можа прыносіць плёны супрацоўніцтва і міру, калі мы настойліва выхоўваем сваю манеру размаўляць”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Быць людзьмі слова

“Толькі калі чалавек сумленны, мы кажам, што ён “чалавек слова”, бо ён трымаецца слова як знаку пастаянства і вернасці, не змяняючы пазіцыю. Аналагічна, чалавек з’яўляецца паслядоўным, калі робіць тое, што кажа: яго слова – гэта добры заклад для таго, хто слухае, а вартасць дадзенага слова паказвае, чаго варты чалавек, які яго прамаўляе”, - заўважыў Папа.

Старанна падбіраць словы

Леў XIV звярнуў увагу на важнасць правільнага выкарыстання слоў. Быць сапраўдным хрысціянінам і сумленным грамадзянінам значыць казаць праўду, без двухсэнсоўнасці, узмацняючы згоду паміж людзьмі, -адзначыў ён, нагадваючы таксама пра абавязак паслоў садзейнічаць дыялогу і аднаўляць яго, калі ён перапыняецца.

“У міжнародным кантэксце, параненым злоўжываннямі і канфліктамі, давайце памятаць, што супрацьлегласць дыялогу – не маўчанне, а абраза. Маўчанне адкрывае шлях для слухання і прыняцця голасу таго, хто перад намі, у той час як абраза – гэта вербальная агрэсія, вайна слоў, узброеная хлуснёй, прапагандай і крывадушнасцю”, - сказаў Пантыфік.

Раззброіць пракламацыі і прамовы

Святы Айцец заклікаў прыкладаць намаганні, каб “раззброіць пракламацыі і прамовы, клапоцячыся не толькі пра іх прыгажосць і дакладнасць, але пераважна пра сумленнасць і разважлівасць”, выбіраючы словы, якія нясуць дабро, ствараюць згоду, даруюць крыўды. 

Быць людзьмі дыялогу, каб спрыяць міру

“Той, хто стамляецца ад дыялогу, стамляецца спадзявацца на мір”, - сказаў Пантыфік, заклікаўшы сваіх гасцей спрыяць згодзе ў свеце. Ён нагадаў словы святога Паўла VI, прамоўленыя падчас візіту ў сядзібу ААН у Нью-Ёрку, пра тое, што ніколі больш не павінна быць вайны, а лёсам народаў і чалавецтва павінен кіраваць мір.

“Каб захоўваць і прасоўваць сапраўдны мір, будзьце ж, адпаведна, людзьмі дыялогу, мудрымі ў чытанні знакаў часу паводле прынцыпаў хрысціянскага гуманізму, які ляжыць у аснове італьянскай і еўрапейскай культуры”, - заахвоціў дыпламатаў Святы Айцец.
 

13 снежня 2025, 12:58