Папа да ліванцаў: раззбройце сэрцы, каб аднавіць мір і адзінства
Марыя Валодзіна - Vatican News
Завяршаючы свой візіт у краіну кедраў, Святы Айцец выказаў удзячнасць Пану за шматлікія дары Яго дабрыні, за Яго прысутнасць і слова, а таксама за магчымасць быць усім разам.
Як Хрыстус у Евангеллі ўзносіць падзяку Айцу, кажучы “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі” (Лк 10:21), так і мы закліканыя да ўдзячнасці, - падкрэсліў Папа. Аднак чалавеку, абцяжаранаму жыццёвымі нягодамі, цяжкасцямі і бяссіллем перад абліччам, часта нашмат прасцей пагрузіцца ў нараканні і адчай, чым адкрыць сэрца для падзякі і здзіўлення.
Леў XIV заклікаў ліванцаў захоўваць пачуццё хвалы і падзякі, бо Пан адарыў іх зямлю рэдкай прыгажосцю, апетай у Святым Пісанні. Гэтае хараство нярэдка азмрачае зло: беднасць, пакуты і раны, якімі адзначана гісторыя Лівана, такія як выбух у порце, палітычная нестабільнасць, цяжкі эканамічны крызіс і канфлікты, якія зноў абудзілі старыя страхі. “У такой сітуацыі падзяка лёгка саступае месца расчараванню, хвалебным песням няма месца ў спустошаным сэрцы, а надзея слабее пад цяжарам разгубленасці і замяшання”, - заўважыў Папа.
Святы Айцец заклікаў ліванцаў не страчваць здольнасці заўважаць “маленькія зіхатлівыя агеньчыкі” ў цемры ночы. Валадарства, якое прыходзіць абвясціць Езус, - гэта парастак, маленькая галінка, якая вырастае з кораня (пар. Іс 11:1). Гэта маленькая прыкмета надзеі, якая абяцае адраджэнне, калі здаецца, усё страчана.
Нават у цяжкія часы з'яўляюцца і растуць такія маленькія парасткі надзеі, якія нам трэба ўмець заўважаць: шчырая і стойкая вера сем’яў, праца хрысціянскіх школ, парафій, кангрэгацый і рухаў, намаганні святараў і кансэкраваных асоб, адданасць свецкіх вернікаў справам міласэрнасці і евангелізацыі. Папа заклікаў узнесці падзяку Айцу за гэтыя агеньчыкі, якія асвятляюць ноч, і за маленькія і нябачныя парасткі, якія даюць надзею на будучыню.
Удзячнасць не павінна заставацца толькі ўнутраным пачуццём. “Яна павінна прывесці нас да навяртання сэрца, жыцця і ўсведамлення таго, што Бог стварыў нас менавіта для таго, каб мы жылі ў святле веры, абяцанні надзеі і радасці міласэрнасці. Таму мы ўсе закліканы ўзрошчваць гэтыя парасткі, не ўпадаць у роспач, не паддавацца логіцы гвалту і ідалапаклонства перад грашыма, ня змірацца перад абліччам зла”, - падкрэсліў Леў XIV.
Кожны павінен унесці свой уклад, каб усім разам вярнуць гэтай зямлі былую веліч. Раззбраенне сэрцаў – адзіны спосаб зрабіць гэта. Папа заклікаў ліванцаў “адкінуць браню этнічных і палітычных рознагалоссяў”, адкрыцца на дыялог паміж канфесіямі і адрадзіць у сэрцах мару аб адзіным Ліване – краіне, дзе пануюць мір і справядлівасць, дзе людзі ўспрымаюць адно аднаго як брата і сястру і дзе могуць споўніцца словы прарока Ісаі пра мірнае суіснаванне, у якім “воўк будзе жыць з ягнём”. "Гэта мара, давераная вам. Гэта тое, што Бог супакою аддае ў вашыя рукі. Ліван, паўстань! Будзь домам справядлівасці і братэрства! Будзь прароцкім знакам свету для ўсяго Леванта!" - заклікаў Леў XIV.
Напрыканцы гаміліі Святы Айцец ізноў паўтарыў словы Хрыста: “Праслаўляю Цябе, Ойча”. Ён падзякаваў Богу за магчымасць наведаць ліванскі народ. “Нясучы ў сэрцы вашыя пакуты і надзеі, я малюся, каб Левант заўсёды быў асветлены верай у Езуса Хрыста, Сонца справядлівасці. Я таксама малюся, каб дзякуючы ласцы Хрыста Ліван захаваў надзею, якая не расчароўвае”, - сказаў Папа.
