Пошук

Пантыфік: слоў недастаткова, патрэбныя ўчынкі міласэрнасці

У эпоху канфліктаў і падзелаў неабходныя практычныя сведчанні дабрыні і міласэрнасці, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з арганізатарамі Прэміі Заіда за чалавечае братэрства.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 снежня 2025 года Леў XIV сустрэўся з арганізацыйным камітэтам Прэміі Заіда за чалавечае братэрства, адзначыўшы прыемную магчымасць “знаходзіцца сярод людзей, якія ставяць свае таленты, дальнабачнасць і маральныя перакананні на высакародную службу чалавечаму братэрству”.

Папа нагадаў, што Прэмія Заіда ўзнікла як вынік паваротнага моманту ў міжрэлігійным дыялогу: падпісання “Дакумента аб чалавечым братэрстве” Папам Францішкам і Вялікім Імамам Аль-Азхара Ахмедам Эль-Таебам. Узнагарода падкрэслівае, што розныя рэлігійныя традыцыі, кожная з якіх абапіраецца на сваю ўласную духоўную спадчыну, могуць унесці вялікі ўклад у служэнне братэрству.

“У наш час, пазначаны ростам канфліктаў і падзелаў, нам патрэбныя сапраўдныя сведчанні чалавечай дабрыні і міласэрнасці, якія нагадвалі б нам аб тым, што ўсе мы браты і сёстры. Слоў недастаткова”, - падкрэсліў Папа. Наша любоў і нашы глыбокія перакананні павінны пастаянна ўзмацняцца канкрэтнымі дзеяннямі. Засяроджанасць толькі на ідэях і тэорыях без практычных учынкаў міласэрнасці ў канчатковым выніку прывядзе да паслаблення і згасання нават самых запаветных спадзяванняў і памкненняў, - папярэдзіў Святы Айцец.

Прэмія Заіда ўнікальна тым, што ўзнагароджвае як установы, так і асобных людзей, якія прадэманстравалі спачуванне і салідарнасць, прапаноўваючы наглядныя прыклады таго, як можна спрыяць чалавечаму братэрству, - адзначыў Леў XIV, запэўніваючы арганізатараў у сваёй малітве і заклікаючы іх працягваць гэтую высакародную працу з упэўненасцю, што іх намаганні будуць і надалей прыносіць плён на карысць усёй чалавечай сям'і.

11 снежня 2025, 13:41