Святы Айцец сустрэўся з жонкамі і маці ўкраінскіх палонных
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У склад дэлегацыі ўваходзілі некалькі прадстаўніц грамадскіх арганізацый і фондаў, якія займаюцца падтрымкай сем’яў палонных і зніклых без вестак, а таксама дапамогай вайскоўцам і грамадзянскім асобам, што вярнуліся з палону. Жанчыны падзяліліся з Пантыфікам сваім болем і ўручылі яму падарункі – іконы і мастацкія творы.
“Паціснуць руку Папу, адчуць яго блізкасць да ўсіх сем’яў, якія пакутуюць ад вайны, падзяліцца з ім нашай трывогай – гэта была цудоўная магчымасць узняць нашы сэрцы, напоўніць іх надзеяй і глыбокім духоўным суцяшэннем”, - падзялілася з “Vatican News” адна з удзельніц сустрэчы.
Групу суправаджаў пасол Украіны пры Апостальскай Сталіцы Андрэй Юраш. Пасля агульнай аўдыенцыі ён суправадзіў жанчын на сустрэчу з кардыналам Матэа Дзупі, спецпасланнікам Папы па Украіне, і перадаў іерарху новы спіс імён больш чым шасці тысяч чалавек, якіх шукаюць іх блізкія.
Кардынал Дзупі запэўніў сваіх гасцей, што “Касцёл зробіць усё, што зможа, каб паспрыяць вяртанню палонных і целаў загінулых”. “Вы сустрэліся сёння з Папам, і Папа трымае вас у сваім сэрцы. Украіна і мір – у яго сэрцы”, - падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп Балонні выслухаў сведчанні жанчын, выказаўшы спадзяванне на хуткае вяртанне іх блізкіх і заканчэнне вайны. “Тое, што вы апісалі – гэта доўгі Вялікі пост, але мы чакаем Пасху – гэта значыць чакаем міру, магчымасці зноў абняць тых, каго любім, пахаваць цела дарагога чалавека. Мы зробім усё магчымае, каб гэтая Пасха прыйшла, каб ваша трывога і роспач маглі атрымаць адказ”, - сказаў кардынал.
