Пошук

Фавела ў Рыя-дэ-Жанейра Фавела ў Рыя-дэ-Жанейра  (AFP or licensors)

Святы Айцец: клапаціцца пра годнае жыллё для кожнага

Леў XIV скіраваў пасланне з нагоды велікапоснай ініцыятывы “Кампанія братэрства”, якую Касцёл у Бразіліі сёлета прысвяціў тэме годных жыллёвых умоў для ўсіх.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім пасланні Святы Айцец спаслаўся на святога Аўгустына, які называў гэты літургічны перыяд часам для таго, каб “прынізіць душу малітвамі і постам, і пакараць цела больш, чым у іншы час года". Гэта час, калі мы атрымліваем асаблівы заклік Бога да сапраўднага навяртання. Ён заклікае нас накіроўваць да Яго ўсё наша жыццё, ісці праз пост і пакаянне па сцежках Пана. І ў гэты час інтэнсіўнай малітвы вернікі павінны асаблівым чынам практыкаваць дабрачыннасць, дапамагаючы бедным, бо з імі атаясамлівае сябе Хрыстус (пар. Мц 25, 35-40), - нагадаў Папа.

Па традыцыі, якой ужо больш за шэсцьдзесят гадоў, Касцёл у Бразіліі арганізуе дабрачынную “Кампанію братэрства”, каб падтрымаць тых, хто ў патрэбе, перакананы, што “існуе непарыўная сувязь паміж верай і беднымі” (Dilexi te, 36). Сёлета асаблівая ўвага надаецца тым, хто пакутуе ад адсутнасці годнага жылля.

Леў XIV спаслаўся на словы свайго папярэдніка святога Яна Паўла II, які заклікаў звярнуць увагу на мільёны людзей без належнага жылля і знайсці рашэнне гэтай сур'ёзнай праблемы. Ян Павел II падкрэсліваў, што адсутнасць жылля з’яўляецца прыкметай цэлага шэрагу эканамічных, сацыяльных, культурных і чалавечых праблем (Sollicitudo rei socialis, 17).

Мы не павінны абмяжоўвацца адзіночнымі акцыямі дапамогі ў надзвычайных сітуацыях, а пастаянна дзяліцца дарамі, якія шчодра дае нам Пан, каб ісці насустрач Хрысту, прысутнаму ў тых, хто не мае дзе жыць, - падкрэсліў Пантыфік. Ён заклікаў мясцовыя ўлады ствараць дзяржаўныя праграмы па палепшэнню жыллёвых умоў для найбольш патрабуючых.

Святы Айцец даверыў ініцыятыву апецы Маці Божай, якая ў Бэтлееме не знайшла жылля для нараджэння Адкупіцеля, але, як Каралева і Заступніца Бразіліі, мае свой дом у нацыянальным санктуарыі ў Апарэсідзе. Ён удзяліў апостальскае благаслаўленне “ўсім сынам і дочкам любімай бразільскай нацыі”, асабліва тым, хто імкнецца забяспечыць годнае жыллё для кожнага.

18 лютага 2026, 14:00