Пошук

Леў XIV: у цяжкія часы Папа павінен мець свабоду казаць праўду

У неспакойныя часы асабліва важна, каб Пераемнік Пятра захоўваў поўную свабоду казаць праўду, выкрываць несправядлівасць, абараняць правы слабых і спрыяць міру, - падкрэсліў Папа, звяртаючыся да прадстаўнікоў дабрачыннай арганізацыі “Pro Petri Sede”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

18 лютага 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў каталіцкай асацыяцыі “Pro Petri Sede” з нагоды іх традыцыйнай пілігрымкі ў Ватыкан. У сваёй прамове Папа падкрэсліў важнасць іх місіі – падтрымкі Святога Пасада. Ён нагадаў, што арганізацыя з’яўляецца духоўнай спадкаемніцай папскіх зуаваў, якія ў XIX стагоддзі самаахвярна баранілі свабоду Пія IX. Гэты Пантыфік прароча адмовіўся ад праліцця крыві ля муроў Рыма, засведчыўшы, што сапраўдная барацьба мае іншы характар. Сёння cацыяльна-гістарычныя ўмовы змяніліся і гаворка ідзе ўжо не пра зброю і гвалт, а пра малітву, асветніцкую дзейнасць і матэрыяльную дапамогу патрабуючым, - адзначыў Леў XIV.

Дапамога патрабуючым

Святы Айцец падзякаваў гасцям за рашэнне падтрымаць дабрачынны праект у яго былой дыяцэзіі Чыклаё. Стварэнне адукацыйнага цэнтра для бедных дазволіць яму, нягледзячы на адлегласць, заставацца блізкім да мясцовай супольнасці. Ён выказаў удзячнасць за падтрымку таксама і ад імя біскупа Чыклаё Эдзінсана Фарфана.

Падтрымка Касцёла ў неспакойныя часы

Папа заахвоціў гасцей упарта падтрымліваць Святы Пасад і біскупа Рыма ў яго місіі па ўмацаванню адзінства вернікаў і абвяшчэнню Евангелля па ўсім свеце. У сучасных неспакойных умовах асабліва важна, каб Пераемнік Пятра захаваў поўную свабоду казаць праўду, выкрываць несправядлівасць, абараняць правы слабых, садзейнічаць міру і абвяшчаць Хрыста адзіным магчымым гарызонтам прымірэння чалавецтва, - падкрэсліў Леў XIV, даручыўшы дабрачынцаў заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і апостала Пятра.

18 лютага 2026, 11:03