Папа: Касцёл – прылада яднання з Богам і паміж усім чалавецтвам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа заўважыў, што Другі Ватыканскі Сабор, жадаючы апісаць Касцёл, у першую чаргу імкнуўся патлумачыць яго вытокі, а каб зрабіць гэта, у дагматычнай канстытуцыі “Lumen gentium” было выкарыстана паняцце “таямніца”, узятае з пасланняў святога Паўла. Яно не азначае, што “Касцёл – гэта нешта цьмянае і незразумелае”, але дакладна наадварот: калі святы Павел ужывае гэта слова ў Пасланні да Эфесцаў, “ён хоча ўказаць на рэальнасць, якая спачатку была схаванай, а цяпер стала адкрытай”.
Прыцягнутыя любоўю Хрыста
“Гаворка ідзе пра Божую задуму, якая мае адну мэту: паяднаць усе стварэнні дзякуючы прымірэнчай дзейнасці Езуса Хрыста, якая споўнілася ў Яго смерці на крыжы”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што ў першую чаргу гэты досвед перажываецца ў асамблеі, якая збіраецца на эўхарыстычнай цэлебрацыі: там адметнасці паміж людзьмі становяцца адноснымі – важна прабываць разам, бо нас прыцягнула любоў Хрыста, якая разбурыла мур падзелу паміж людзьмі і сацыяльнымі групамі.
“Для святога Паўла таямніца – гэта аб’яўленне таго, што Бог хацеў здзейсніць для ўсяго чалавецтва, і яна пазнаецца ў лакальных досведах, якія паступова пашыраюцца, каб ахапіць усіх людзей і нават увесь сусвет”, - дадаў Святы Айцец.
Хрыстус перамагае ўсякія падзелы
Папа нагадаў, што людзі жывуць у стане падзелу паміж сабой, але іх сэрцы прагнуць адзінства, таму ўваходзіць у дзеянне Езус Хрыстус, які сілай Святога Духа перамагае сілы раздзялення і нават самога Раздзяліцеля.
“Збірацца разам для цэлебрацыі, верачы ў абвяшчэнне Евангелля і перажываючы гэта як прыцягненне, здзейсненае крыжом Хрыста, найвышэйшым аб’яўленнем Божай любові – значыць адчуваць сябе пакліканымі разам Богам: таму выкарыстоўваецца паняцце ekklesía, якое азначае сход людзей, што адчуваюць сябе скліканымі. Такім чынам існуе выразнае супадзенне паміж гэтай таямніцай і Касцёлам: Касцёл – гэта таямніца, якая стала дасягальнай”, - патлумачыў Пантыфік.
Прылада яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва
Леў XIV адзначыў, што гэта скліканне, якое робіць Бог, не можа быць абмежаваным толькі нейкай групай людзей, але павінна стаць досведам усіх чалавечых істот. Таму Другі Ватыканскі Сабор сцвярджае на пачатку канстытуцыі “Lumen gentium”, што Касцёл, “з’яўляецца ў Хрысце як бы сакрамэнтам, або знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва”.
Праз Касцёл Бог робіць нас удзельнікамі свайго жыцця
“Выкарыстанне паняцця “сакрамэнт” і далейшае тлумачэнне мае на мэце паказаць, што Касцёл у гісторыі чалавецтва – гэта выраз таго, што хоча споўніць Бог; таму, гледзячы на Касцёл, мы ў пэўнай меры пазнаём Божую задуму, таямніцу: у такім сэнсе Касцёл – гэта знак. Потым да паняцця “сакрамэнт” дадаецца таксама паняцце “прылада”, каб паказаць, што Касцёл – гэта актыўны знак. Сапраўды, калі Бог дзейнічае ў гісторыі, Ён уключае ў сваю дзейнасць людзей, якія з’яўляюцца адрасатамі Яго дзеяння. Менавіта праз Касцёл Бог дасягае мэты паяднання людзей з сабой і паміж імі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Еднасць з Богам знаходзіць сваё адлюстраванне ў еднасці паміж людзьмі. Менавіта гэта з’яўляецца досведам збаўлення. Невыпадкова ў восьмым раздзеле канстытуцыі “Lumen gentium”, прысвечаным эсхаталагічнаму характару пілігрымуючага Касцёла, у 48-м параграфе зноў выкарыстоўваецца апісанне Касцёла як сакрамэнту з удакладненнем “збаўлення”, - заўважыў Папа, цытуючы словы саборнага дакумента: “Хрыстус, узняты над зямлёй, прыцягнуў да сябе ўсіх (пар. Ян 12, 32); уваскросшы (пар. Рым 6, 9), Ён спаслаў на вучняў свайго жыццядайнага Духа і праз Яго ўстанавіў сваё цела, якім ёсць Касцёл, паўсюднай прыладай збаўлення; седзячы праваруч Айца, Ён няспынна дзейнічае ў свеце, каб весці людзей да Касцёла і праз яго мацней яднаць іх з сабой і, падмацоўваючы іх сваім Целам і Крывёю, зрабіць удзельнікамі свайго жыцця ў славе”.
Удзячныя за прыналежнасць да Касцёла
“Гэты тэкст дазваляе зразумець адносіны паміж паяднальнай дзейнасцю Пасхі Езуса, якая з’яўляецца таямніцай мукі, смерці і ўваскрасення, і тоеснасцю Касцёла. У той жа час ён робіць нас удзячнымі за прыналежнасць да Касцёла, цела ўваскрослага Хрыста і адзінага Божага народа, пілігрымуючага ў гісторыі, які жыве як асвячальная прысутнасць пасярод чалавецтва, яшчэ падзеленага, і як дзейсны знак адзінства і прымірэння паміж народамі”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
