Пошук

2026.02.16 Le attività della Parrocchia del Sacro Cuore di Gesù a Castro Pretorio

Папа наведае салезіянскую парафію ля рымскага вакзала “Тэрміні”

У нядзелю 22 лютага Леў XIV наведае рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў раёне Кастра-Прэторыа, каб сустрэцца з мясцовай супольнасцю, якой апякуюцца салезіяне святога Яна Боска.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт Пантыфіка ў храм на вуліцы Марсала пачнецца а 8.15 раніцы з сустрэчы ў двары, дзе яго будуць чакаць каля тысячы чалавек. Сярод іх будуць прадстаўнікі парафіяльных груп, моладзь, дзеці, а таксама бедныя, якім дапамагае супольнасць.

Пробашч парафіі ксёндз Хаўер Орціс Радрыгес назваў гэты візіт “вялікай ласкай” і падарункам для раёна, які хоць і знаходзіцца ў цэнтры горада, але па сваіх праблемах нагадвае сапраўдную перыферыю.

Асаблівасць гэтай супольнасці заключаецца ў яе шматэтнічным характары і блізкасці да галоўнага вакзала сталіцы, што робіць яе месцам малітвы для шматлікіх офісных работнікаў і падарожнікаў.

Пры парафіі дзейнічае цэнтр дапамогі, які прапануе псіхалагічную падтрымку, і “Банк талентаў”, валанцёры якога кожную пятніцу кормяць бяздомных ля вакзала.

Пасля Эўхарыстыі Леў XIV правядзе асобныя сустрэчы з душпастырскай радай, моладдзю і святарамі, каб надаць новы імпульс працы з самотнымі пажылымі людзьмі і тымі, хто знаходзіцца далёка ад Касцёла.
 

19 лютага 2026, 15:33