Пошук

Папа Легіянерам Хрыста: улада ў жыцці кангрэгацыі – гэта служэнне

Да глыбокага духоўнага распазнавання, братэрства і вернасці харызме на новым этапе жыцця кангрэгацыі заклікаў Папа ўдзельнікаў генеральнага капітула Легіянераў Хрыста, якіх 19 лютага 2026 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што генеральны капітул – гэта час ласкі і асаблівы момант супольнага распазнавання і слухання Святога Духа, які працягвае весці кангрэгацыю і падтрымліваць яе місію ў Касцёле.

Памяць, якая вядзе да аднаўлення

Святы Айцец падкрэсліў, што Легіянеры Хрыста павінны ўсведамляць сябе спадчыннікамі духоўнай харызмы, якая, нягледзячы на складаныя і часам балючыя перыяды, спарадзіла іх кангрэгацыю, аб'яднаную адным духоўным коранем і агульным апостальскім запалам. Гэтая агульная памяць павінна весці супольнасць да яе пастаяннага абнаўлення ў вернасці Евангеллю.

Харызма – дар, а не ўласнасць

Леў XIV нагадаў, што харызма – гэта дар Святога Духа, які неабходна прымаць з удзячнасцю і пакорай. “Таму памятайце, што вы не гаспадары харызмы, а яе захавальнікі і слугі. Вы закліканы дарыць сваё жыццё, каб гэты дар працягваў быць плённым ў Касцёле і свеце”, - падкрэсліў ён.

Улада як служэнне

Папа падкрэсліў, што ўлада ў рэлігійным жыцці разумеецца не як панаванне, а як духоўнае і братэрскае служэнне тым, хто падзяляе адно і тое ж пакліканне. Яе ажыццяўленне павінна выяўляцца ў “мастацтве суправаджэння”, якое паважае годнасць і свабоду кожнага чалавека.

Пантыфік таксама заклікаў умацоўваць стыль кіравання, заснаваны на ўзаемным слуханні, суадказнасці, празрыстасці, братэрскай блізкасці і супольным распазнаванні. Добры стыль кіравання спрыяе субсідыярнасці і адказнаму ўдзелу ўсіх членаў супольнасці, - нагадаў Святы Айцец.

Разнастайнасць як багацце

Леў XIV адзначыў, што “разнастайнасць формаў, стыляў і акцэнтаў” харызмы не аслабляе адзінства, а ўзбагачае яго, як розныя грані шматгранніка, якія захоўваюць сваю ўнікальнасць (Evangelii gaudium, 236).

Місійнае адзінства не азначае аднастайнасці: адрозненні трэба гарманізаваць на карысць усіх, успрымаючы рознагалоссі як багацце і разам распазнаючы шлях, які прапануе нам Пан, - падкрэсліў Папа.

Заклік да сінадальнасці

Святы Айцец нагадаў, што сёння Касцёл перажывае моцны заклік да сінадальнасці – сумеснага шляху слухання і распазнавання. Генеральны капітул – па самой сваёй прыродзе з'яўляецца сінадальным практыкаваннем, у якім кожны пакліканы ўнесці свой уклад у будучыню Касцёла.

Напрыканцы аўдыенцыі Папа заклікаў прысутных жыць у духу малітвы, пакоры і ўнутранай свабоды, шукаючы перш за ўсё Божую волю, а не прыватныя інтарэсы або простыя арганізацыйныя рашэнні. Давяраючы новы этап жыцця кангрэгацыі апецы Маці Божай Гвадэлупскай, Леў XIV ад усяго сэрца удзяліў прысутным сваё апостальскае благаслаўленне.

19 лютага 2026, 10:58