Папа – парафіі ля вакзала “Тэрміні”: будзьце агеньчыкам святла і надзеі
Марыя Валодзіна – Vatican News
Працягваюцца пастырскія візіты Льва XIV у парафіі Рымскай дыяцэзіі. 22 лютага 2026 года, у першую нядзелю Вялікага посту, ён наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў раёне Кастра-Прэторыа ля цэнтральнага вакзала “Тэрміні”. У гэтай супольнасці, якой апякуюцца салезіяне, штодня пераплятаюцца лёсы мігрантаў, бежанцаў, бедных і бяздомных.
Папа сустрэўся з вернікамі і тымі, каму асабліва патрэбныя блізкасць і падтрымка Касцёла. Падчас Імшы ён заклікаў іх нанова адкрыць дар Хросту і жыць свабодай, якая нараджаецца з любові да Бога і бліжняга. У гаміліі Святы Айцец нагадаў, што Вялікі пост – гэта асаблівы літургічны час, які дае магчымасць зноў адкрыць для сябе багацце Хросту, каб жыць як людзі, цалкам абноўленыя дзякуючы Уцелаўленню, смерці і Уваскрасенню Езуса.
Спасылаючыся на ўрыўкі з Кнігі Быцця і Евангелля, Папа падкрэсліў, што яны нагадваюць нам пра дар Хросту як Божую ласку, якая дзейнічае ў нашай свабодзе. Кніга Быцця кажа, што чалавек створаны Богам і пастаўлены не столькі перад забаронай, як часта лічаць, колькі перад магчымасцю адносін з Богам. Але змей спакушае чалавека ілюзіяй таго, што ён можа стаць як Бог, падштурхоўвае завалодаць чымсьці, што Бог нібыта ўтойвае ад людзей, каб заўсёды трымаць іх у стане непаўнавартаснасці. Гэтая гісторыя з Кнігі Быцця – непераўзыдзены шэдэўр, які паказвае драму свабоды, - заўважыў Святы Айцец.
На яго думку, Евангелле дае адказ на старажытную дылему: ці магу я цалкам рэалізаваць сваё жыццё, сказаўшы Богу “так”? Ці, каб быць свабодным і шчаслівым, трэба адмовіцца ад Яго? Сцэна спакусаў Хрыста вырашае гэта драматычнае пытанне. Езус супрацьстаіць сатане, паказваючы сапраўдную чалавечнасць і новую свабоду, якая здзяйсняецца праз паслухмянасць Богу.
Пантыфік падкрэсліў, што гэтая новая чалавечнасць нараджаецца з Хросту. Таму ў час Вялікага посту вернікі пакліканы зноў адкрыць для сябе ласку гэтага сакрамэнту, як крыніцы жыцця, якая жыве ў нас і дынамічна суправаджае нас у абсалютнай павазе да нашай свабоды.
Папа надаў асобную ўвагу місіі парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая месціцца на вуліцы Марсала ў раёне вакзала “Тэрміні”. Ён нагадаў, што Леў XIII папрасіў святога Яна Боска пабудаваць тут касцёл, прадбачыўшы важнасць гэтага месца на скрыжаванні дарог.
Сёння гэты раён застаецца прасторай кантрастаў: тут сустракаюцца студэнты, бесклапотныя турысты, беспрацоўныя мігранты, маладыя бежанцы і людзі без даху над галавой, якім дапамагае Карытас на вуліцы Марсала. У гэтым прывакзальным раёне сканцэнтраваныя супярэчнасці нашага часу: бестурботнасць падарожнікаў і цяжар бяздомных; вялікія магчымасці рабіць дабро і распаўсюджаны гвалт; жаданне сумленна працаваць і незаконны гандаль наркотыкамі і прастытуцыяй. “Ваша парафія заклікана ўзяць на сябе адказнасць за гэтыя рэаліі, быць закваскай Евангелля ў цесце гэтага раёна, быць знакам блізкасці і міласэрнасці”, - звярнуўся да парафіян Леў XIV.
Святы Айцец падзякаваў салезіянам за нястомную працу, заклікаў супольнасць заставацца “маленькім агеньчыкам святла і надзеі” і даручыў яе апецы Панны Марыі Дапамогі Хрысціян, каб Яна ўмацоўвала іх у хвіліны спакусы і выпрабаванняў і дапамагала жыць у сапраўднай свабодзе і братэрстве дзяцей Божых.
