Пошук

Кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу Кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу 

Кардынал Амбонга: візіт Папы ў Афрыку ўмацуе свабоду і годнасць

Кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу выказаў гонар, надзею і аптымізм адносна вынікаў апостальскага падарожжа ў Афрыку. На яго думку, моцны заклік Папы да сумлення палітычных лідараў прымусіць іх задумацца над будучыняй афрыканскай моладзі.

Vatican News

Пасля завяршэння 10-дзённага падарожжа Льва XIV у Афрыку, арцыбіскуп Кіншасы і старшыня Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара (SECAM) даў інтэрв’ю “Vatican News”. Ён адзначыў, што афрыканскія католікі ганарацца візітам Папы, але і адчуваюць вялікую адказнасць, таму што “Касцёл у Афрыцы будзе адыгрываць усё больш важную ролю ў Паўсюдным Касцёле”.

Візіт Пантыфіка ахапіў чатыры краіны, якія адлюстроўваюць ключавыя праблемы кантынента: міжрэлігійны дыялог у Алжыры, пошук міру ў Камеруне, пытанні справядлівага размеркавання багацця ў Анголе і Экватарыяльнай Гвінеі, - нагадаў іерарх.

Што тычыцца Касцёла, то галоўнае пасланне Папы было аб паглыбленні веры, аб каталіцкай ідэнтычнасці. “Мы павінны ведаць сябе, перш чым уступаць у кантакт з іншымі”, - заўважыў кардынал Амбонга.

На пытанне журналісткі Франчэскі Сабацінэлі пра сучаснае аблічча афрыканскага Касцёла іерарх адказаў, што, з аднаго боку – гэта малады, дынамічны, упэўнены ў сваёй будучыні Касцёл, з другога – гэта супольнасць, якая сутыкаецца з шматлікімі праблемамі: беднасцю, адсутнасцю справядлівасці, складанасцямі мірнага суіснавання. На яго думку, візіт Папы ўмацаваў католікаў у веры і быў успрыняты як заахвочванне працягваць барацьбу за будучыню.

З сацыяльна-палітычнага пункту гледжання Пантыфік надаў асаблівую ўвагу тэмам міру, справядлівасці, адказнага кіравання. Гэта датычыць усіх краін, якія ён наведаў. Асобную ўвагу Папа надаў праблеме масавай міграцыі моладзі. Ён заклікаў афрыканскіх лідараў ствараць магчымасці для моладзі, каб яна не была вымушаная пакідаць радзіму ў пошуках шчасця. Многія з іх гінуць у пустыні Сахара або ў моры, - падкрэсліў кардынал Амбонга.

Нягледзячы на цяжкасці, іерарх выказаў аптымістычны настрой: “Я па-ранейшаму веру ў будучыню гэтага кантынента, перш за ўсё, маёй краіны – Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, якая сёння пакутуе, але я веру ў будучыню”.

У завяршэнне кардынал Амбонга прызнаўся, што яго галоўнае пачуццё – гэта гонар і радасць, а таксама надзея на тое, што візіт Льва XIV прынясе плён як для Афрыкі, так і для Касцёла. “Гледзячы на працу, якую Папа выканаў за год пантыфікату, мы ўпэўненыя ў будучыні”, - заключыў ён.

Святая Імша ў Малаба (Экватарыяльная Гвінея)
Святая Імша ў Малаба (Экватарыяльная Гвінея)   (ANSA)
24 красавіка 2026, 12:17