Пошук

Касцёл Святой Сям'і ў Газе Касцёл Святой Сям'і ў Газе  (AFP or licensors)

Вялікдзень у Газе: словы падтрымкі ад Святога Айца

Леў XIV застаецца ў пастаянным кантакце з каталіцкай супольнасцю ў Газе, падзяліўся з інфармацыйным агенцтвам “SIR” ксёндз Габрыэль Раманэлі, пробашч мясцовай парафіі Святой Сям’і.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

З нагоды Вялікадня Папа скіраваў вернікам свае віншаванні. “Мы атрымалі два пасланні для ўсёй нашай супольнасці. Першае – у Вялікую пятніцу, а другое – у Велікодную нядзелю. Леў XIV знаходзіцца ў пастаянным кантакце з намі: часам праз паведамленні, часам ён тэлефануе, а часам – скіроўвае сваё благаслаўленне. Яго малітвы і благаслаўленне – вялікая ласка для нашай супольнасці”, - сказаў ксёндз Раманэлі.

Дапамога і малітва за мясцовых хрысціян

Місіянер аргентынскага паходжання і пробашч адзінай каталіцкай парафіі ў Сектары Газа падкрэсліў, што Папа няспынна моліцца за мясцовых хрысціян і заклапочаны ўсім, што адбываецца ў рэгіёне.

Парафія як месца прытулку

Ксёндз Раманэлі нагадаў, што парафія ў Газе аказвае дапамогу сотням сем’яў, сярод якіх не толькі католікі, але таксама праваслаўныя і мусульмане. Ад самага пачатку новай фазы канфлікту пры ёй знайшлі бяспеку і надзею больш за тысячу чалавек.

“Па меры сціплых магчымасцяў мы дзяліліся з людзьмі, што жывуць па суседстве, ежай, лекамі і вадой, якую можам здабываць з глыбокай свідравіны, размешчанай на тэрыторыі парафіі. Гэта дапамога ўратавала жыццё многім людзям”, - адзначыў святар.

Страты супольнасці падчас канфлікту

Ксёндз Раманэлі заўважыў, што за час цяперашняга канфлікту ў Святой Зямлі парафія страціла шэсцьдзесят хрысціян: дваццаць тры вернікі загінулі ад бамбардзіровак і снайпераў, больш за дваццаць чалавек памерлі ад адсутнасці неабходнай медыцынскай дапамогі, чатырнаццаць – ад старасці.

“Усяго нас было 1017 хрысціян, католікаў і праваслаўных. Цяпер нас крыху менш за 600. Гэта значыць, што мы страцілі каля 40 працэнтаў хрысціянскай супольнасці: больш за 350 чалавек з’ехалі, пераважна ў першыя месяцы вайны, калі бамбардзіроўкі былі вельмі моцнымі, а межы яшчэ былі адкрытымі”, - сказаў святар, заўважыўшы, што цяпер на тэрыторыі парафіі пражываюць каля ста бежанцаў.

Блізкасць Папы і сведчанне надзеі

“Цудоўна, што Папа Леў XIV дазваляе нам адчуць сваю блізкасць праз паведамленні і тэлефанаванні”, - адзначыў місіянер, падкрэсліваючы, што Святы Айцец уважліва сочыць за тым, што адбываецца.

Ксёндз Раманэлі рэгулярна размяшчае ў сацыяльных сетках матэрыялы аб штодзённым жыцці парафіі Святой Сям’і ў Газе. Апошнія паведамленні былі звязаныя са святкаваннем Вялікага тыдня і Пасхі. На апублікаваных здымках можна ўбачыць, як мясцовыя вернікі рыхтаваліся да літургіі і ўпрыгожвалі касцёл. На фотаздымках, зробленых у велікодную нядзелю, бачна, што не абышлося без святочных віншаванняў і невялікіх падарункаў для самых маленькіх. “Кожны наш дзень пазначаны цяжкасцямі, але таксама верай і надзеяй”, - адзначыў пробашч з Газы.
 

07 красавіка 2026, 09:16