Надзея за кратамі: візіт Льва XIV у турму Баты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Апостальскае падарожжа Папы ў Экватарыяльную Гвінею адзначылася асабліва кранальнай сустрэчай. У турме горада Бата 22 красавіка 2026 года Святога Айца віталі Міністр юстыцыі Рэгінальда Біёга Мба Ндонг Ангесома, кіраўніцтва ўстановы і прадстаўнікі касцельнай душпастырскай службы.
Сустрэча ва ўнутраным дворыку, напоўненая спевамі і шчырым сведчаннем аднаго з вязняў, стала момантам глыбокага духоўнага суцяшэння для тых, хто часта адчувае сябе забытым грамадствам.
Звяртаючыся да зняволеных, Леў XIV падкрэсліў, што кожны чалавек са сваёй гісторыяй, памылкамі і пакутамі застаецца бясконца каштоўным для Бога. Паводле яго слоў, Езус Хрыстус, нават будучы несправядліва асуджаным, любіў да канца, паказваючы, што любоў здольная перамяніць нават самае зацвярдзелае сэрца. Святы Айцец заўважыў, што вязні з’яўляюцца неад’емнай часткай народа і будучыні краіны.
Разважаючы пра сутнасць правасуддзя, Папа адзначыў, што юстыцыя павінна не проста караць, але ўкладаць сілы ў патэнцыял кожнай асобы. Сапраўдная справядлівасць заўсёды скіравана на аздараўленне ран – як ахвяр, так і саміх вінаватых.
Леў XIV перакананы, што без прымірэння справядлівасць губляе свой сэнс, а працэс вяртання чалавека да нармальнага жыцця павінен залучаць усю супольнасць.
Папа выказаў надзею на тое, што час у турме стане для многіх перыядам глыбокага роздуму і росту. Ён заклікаў ствараць магчымасці для навучання і працы, бо чалавек не можа вызначацца выключна сваімі мінулымі памылкамі.
Падзякаваўшы супрацоўнікам турмы і капелану за іх нялёгкую службу, Леў XIV нагадаў, што спалучэнне бяспекі з павагай да чалавечнасці з’яўляецца падмуркам для перавыхавання.
Завяршаючы візіт малітвай і благаслаўленнем, Святы Айцец прыняў ад вязняў сімвалічны падарунак – драўляны крыж, зроблены іх рукамі.
Адразу пасля гэтага Папа накіраваўся да Мемарыяла ахвярам выбухаў, якія адбыліся 7 сакавіка 2021 года ў вайсковай казарме раёна Нкоантома. Сваім візітам і ўшанаваннем памяці больш чым ста загінулых Леў XIV яшчэ раз нагадаў пра важнасць салідарнасці і сілы духу, якая дапамагае народу падымацца пасля самых цяжкіх выпрабаванняў.
