Папа – журналістам: як пастыр, я не магу падтрымліваць вайну
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Гаворачы пра вынікі свайго візіту ў Афрыку, Папа заўважыў, што першая мэта Апостальскага падарожжа – абвяшчэнне Евангелля, хоць візіт Пантыфіка часта каментуецца ў палітычным ключы: што кажа Папа, ці асуджае ён урады.
“Падарожжа павінна разумецца, перш за ўсё, як выраз жадання прапаведваць Евангелле, абвяшчаць пасланне Езуса Хрыста. Гэта таксама спосаб наблізіцца да людзей у іх радасці, глыбіні іх веры, але таксама і ў пакутах”, - сказаў Святы Айцец.
Папа дадаў, што падчас Апостальскіх візітаў “часам даводзіцца выказваць заўвагі ці шукаць магчымасці падштурхнуць сам народ узяць на сябе адказнасць за сваё жыццё”. “Таксама важна размаўляць з кіраўнікамі дзяржаў, каб садзейнічаць змене менталітэту, большай адкрытасці на клопат пра дабро народа, а таксама даць магчымасць па-новаму паглядзець на такія пытанні, як размеркаванне багаццяў краіны”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Я нашу з сабой фотаздымак загінулага хлопчыка”
Адказваючы на пытанне пра канфлікт у Іране і тое, ці хацеў бы ён бачыць змену рэжыму ў гэтай краіне, Леў XIV спачатку падкрэсліў, што “трэба прасоўваць новы падыход, культуру міру”. Ён адзначыў, што часта першай рэакцыяй на розныя сітуацыі ў свеце з’яўляецца гвалт і вайна, а гэта прыводзіць да гібелі мноства нявінных людзей.
“Я толькі што прачытаў ліст – магчыма, вы таксама яго бачылі – ад сем’яў дзяцей, якія загінулі ў першы дзень нападу. Яны пішуць пра страту сваіх сыноў, дачок, пра дзяцей, якія загінулі. Пытанне не ў тым, ці зменіцца рэжым, ці не. Пытанне ў тым, як прасоўваць каштоўнасці, у якія мы верым, выключаючы пры гэтым смерць столькіх нявінных людзей”, - патлумачыў Папа.
Звяртаючы ўвагу на складанасць сітуацыі ў Іране і нестабільнасць цяперашніх перамоў, Святы Айцец заўважыў, што пагроза вайны павінна быць аддалена, а міжнароднае права – паважацца. “Вельмі важна абараняць нявінных – а ў многіх месцах гэтага не адбываецца. Я нашу з сабой фатаграфію мусульманскага хлопчыка, які падчас майго візіту ў Ліван чакаў з транспарантам, на якім было напісана: “Шчыра запрашаем, Папа Леў”, а потым – на апошнім этапе вайны – ён быў забіты”, - падзяліўся Папа. “Як пастыр, я не магу падтрымліваць вайну”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Я асуджаю смяротнае пакаранне”
На пытанне пра тое, якое пасланне ён хацеў бы скіраваць да іранскага рэжыму пасля чарговага пакарання смерцю апазіцыйнага дзеяча, якое адбылося сёння, Леў XIV адказаў, што асуджае ўсе несправядлівыя дзеянні. “Я асуджаю забойства людзей, я асуджаю смяротнае пакаранне. Я лічу, што чалавечае жыццё павінна паважацца, і што ўсім людзям – ад зачацця да натуральнай смерці – павінны быць гарантаваныя абарона і павага да іх жыцця”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што калі рэжым ці дзяржава прымаюць рашэнні, якія несправядліва пазбаўляюць людзей жыцця, гэта, безумоўна, заслугоўвае асуджэння.
Што робіць Поўнач для Поўдня?
Іспанамоўная журналістка папрасіла Папу скіраваць пасланне да католікаў адносна тэмы міграцыі, актуальнай для гэтай краіны. Леў XIV падкрэсліў, што праблема міграцыі з’яўляецца глабальнай і вельмі складанай, і яна датычыць не толькі Еўропы, але і Паўночнай Амерыкі.
“Мой адказ пачынаецца з пытання: што робіць глабальны Поўнач, каб дапамагчы глабальнаму Поўдню, гэта значыць краінам, дзе моладзь сёння не мае будучыні?” - сказаў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што, на яго думку, дзяржава мае права ўстанаўліваць правілы адносна перасячэння сваіх межаў. “Я не кажу, што ўсе павінны ўязджаць без якога-кольвечы парадку, часам ствараючы ў месцах прызначэння сітуацыі, больш несправядлівыя, чым тыя, якія яны пакінулі. Але я ўсё ж пытаюся: што мы робім у больш багатых краінах, каб змяніць сітуацыю ў больш бедных краінах?” - спытаў Леў XIV.
Пантыфік адзначыў, што для многіх Афрыка – гэта месца, адкуль можна браць карысныя выкапні і рэсурсы. Таму ён выказаў меркаванне, што на глабальным узроўні неабходна зрабіць значна больш для садзейнічання справядлівасці і роўнасці ў развіцці краін Поўдня, каб пазбегнуць неабходнасці міграваць. Папа дадаў, што, акрамя праблемы міграцыі, існуе таксама праблема гандлю людзьмі. Ён падкрэсліў, што “ва ўсіх выпадках гэта людзі, і мы павінны ставіцца да людзей гуманна, а не горш, чым да жывёл, што часта здараецца”.
Усе пакліканы імкнуцца да навяртання
Журналістка з Германіі папрасіла Святога Айца даць ацэнку рашэнню кардынала Рэйнхарда Маркса, арцыбіскупа Мюнхен-Фрайзінгскага, дазволіць благаслаўленне аднаполых пар у сваёй дыяцэзіі. Яна спытала пра гэта ў кантэксце захавання адзінства Касцёла.
“У першую чаргу, я лічу, што вельмі важна зразумець: адзінства ці падзел у Касцёле не павінны залежаць ад пытанняў сексуальнага характару. Мы схільныя думаць, што калі Касцёл гаворыць пра этыку, адзінай тэмай тут з’яўляецца сексуальнасць. Аднак на самой справе існуюць значна больш шырокія і важныя пытанні, такія як справядлівасць, роўнасць, свабода мужчын і жанчын, а таксама рэлігійная свабода, якія павінны мець прыярытэт над гэтым канкрэтным пытаннем”, - сказаў Папа.
Пантыфік дадаў, што Святы Пасад ужо размаўляў з нямецкімі біскупамі і даў зразумець, што не дае згоды на афіцыйнае благаслаўленне аднаполых пар або пар, якія знаходзяцца ў неўпарадкаваных сітуацыях, па-за тым, што дазволіў Папа Францішак, кажучы, што ўсе людзі могуць атрымліваць благаслаўленне, гэтак жа, як калі святар благаслаўляе ўсіх напрыканцы Імшы.
“Вядомы выраз Францішка: “усе, усе, усе” выказвае перакананне Касцёла ў тым, што ўсе прымаюцца, усе запрошаны, усе пакліканы ісці за Езусам і імкнуцца да навяртання ў сваім жыцці”, - дадаў Леў XIV.
“Ісці далей за гэта – на маю думку – сёння можа прывесці хутчэй да падзелу, чым да адзінства. Таму мы павінны імкнуцца будаваць наша адзінства на Езусе Хрысце і на тым, чаму вучыць Езус Хрыстус. Гэта мой адказ на пытанне”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Святы Пасад і аўтарытарныя рэжымы
Журналіст з Францыі спытаў, ці не баіцца Папа, што яго прысутнасць побач з лідарамі аўтарытарных краін у пэўнай ступені з’яўляецца легітымізацыяй іх улады. Пантыфік адказаў, што гэта сапраўды можна інтэрпрэтаваць па-рознаму, але, як ён ужо згадваў на пачатку, Апостальскае падарожжа ў першую чаргу прызначана для сустрэч з людзьмі ў адпаведных краінах.
Папа таксама падкрэсліў вялікую каштоўнасць сістэмы, з дапамогай якой “Святы Пасад – часта з вялікімі ахвярамі – падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з краінамі па ўсім свеце”.
“Часам мы падтрымліваем дыпламатычныя адносіны з краінамі, якімі кіруюць аўтарытарныя лідары, але гэта дае нам магчымасць размаўляць з імі на дыпламатычным, афіцыйным узроўні. Мы не заўсёды робім гучныя заявы з крытыкай, асуджаем ці папракаем. Але за кулісамі праводзіцца вялікая праца для прасоўвання справядлівасці, падтрымкі гуманітарных ініцыятыў, пошуку рашэнняў такіх сітуацый, як палітычныя зняволеныя – каб знайсці шлях да іх вызвалення – або для вырашэння праблем голаду, хвароб і іншых цяжкасцей. Такім чынам Святы Пасад, захоўваючы нейтралітэт і шукаючы магчымасці працягваць пазітыўныя дыпламатычныя адносіны з многімі краінамі, на самай справе спрабуе прымяняць Евангелле да канкрэтных сітуацый, каб жыццё людзей магло станавіцца лепшым. Людзі будуць інтэрпрэтаваць астатняе як пажадаюць, але я лічу, што для нас важна шукаць найлепшы магчымы спосаб дапамагчы народу любой краіны”, - сказаў Леў XIV.
