Пошук

Леў XIV: мы не асуджаны на няроўнасць

У аснове няроўнасці ляжыць не недахоп рэсурсаў, а праблема няроўнага размеркавання, якая патрабуе вырашэння з маральным пачуццём і сумленнасцю, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 красавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва і супрацоўнікаў італьянскага Нацыянальнага інстытута сацыяльнага забеспячэння (Istituto Nazionale della Previdenza Sociale).

Святы Айцец заўважыў, што гэта ўстанова выконвае важную сацыяльную ролю, забяспечваючы справядлівае размеркаванне багаццяў для задавальнення патрэб многіх уразлівых людзей, якія знаходзяцца ў цяжкіх сітуацыях.

“У свеце ёсць шмат багаццяў, але колькасць бедных расце”, - нагадаў Папа, заўважаючы, што гэта “несправядлівы сцэнарый, адносна якога мы не можам не задаваць сабе пытанняў і не імкнуцца змяніць стан рэчаў”, бо “мы не асуджаны на няроўнасць”.

Пантыфік падкрэсліў, што ў аснове няроўнасці ляжыць не недахоп рэсурсаў, а праблема няроўнага размеркавання, якая патрабуе вырашэння “з маральным пачуццём і сумленнасцю”, пра што часта казалі яго папярэднікі.

“Прапанаваная мадэль – гэта сістэма салідарнай бяспекі, якая грунтуецца на прынцыпах субсідыярнасці, сацыяльнай адказнасці і чалавечага братэрства”, каб дазволіць усім годна жыць дзякуючы працы, - сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на важныя змены ў сферы працы, звязаныя, у тым ліку, з тэхналагічным развіццём. Калі раней пераважала мадэль пастаяннага месца працы, сёння мы маем справу з нестабільнасцю і цякучасцю; на гэтым фоне ўзнікаюць новыя патрэбы і, як наступства, новыя задачы для дзяржавы, - адзначыў ён.

Леў XIV заклікаў кіраўніцтва і супрацоўнікаў італьянскага Нацыянальнага інстытута сацыяльнага забеспячэння ўлічваць гэтыя змены і “не забываць пра чалавека”, “працаваць на карысць тых, хто працуе”, “падтрымліваць найслабейшых”, гарантуючы ім “годнасць і свабоду для па-сапраўднаму чалавечага жыцця”.
 

10 красавіка 2026, 12:09