Святы Айцец: шукаць шляхі спынення войнаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Вечарам 31 сакавіка 2026 года, вяртаючыся ў Ватыкан з Кастэль Гандольфа, Папа сустрэўся каля брамы рэзідэнцыі “Віла Барберыні” з групай журналістаў. "Мне паведамілі, што прэзідэнт Трамп нядаўна заявіў пра намер пакласці канец вайне. Спадзяемся, што ён шукае выхад, спадзяемся, што ён шукае спосаб паменшыць гвалт, бамбардзіроўкі. Гэта было б істотным укладам у пераадоленне нянавісці, якая распаўсюджваецца і няўхільна расце на Блізкім Усходзе і ў іншых рэгіёнах”, – сказаў Пантыфік.
Вялікдзень – святы час
За некалькі дзён да Вялікадня Святы Айцец зноў звярнуўся да сусветных лідараў з заклікам: "Вярніцеся за стол перамоў для дыялогу. Давайце шукаць рашэнне праблем, шукаць спосабы паменшыць гвалт, які мы сілкуем. І хай супакой, асабліва ў Вялікдзень, будзе ў нашых сэрцах".
Вялікдзень "павінен быць самым святым перыядам усяго года. Гэта час супакою, час разважанняў, але, як мы ўсе ведаем, у свеце, у многіх месцах, мы зноў бачым шмат пакут, шмат смерцяў, у тым ліку нявінных дзяцей”, - дадаў Папа.
"Мы ўвесь час заклікаем да міру, але, на жаль, многія людзі імкнуцца распаўсюджваць нянавісць і гвалт, вайну”, – падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы ўсіх, асабліва хрысціян, “пражыць гэтыя дні, усведамляючы, што Хрыстус усё яшчэ ўкрыжаваны і сёння. Хрыстус і сёння пакутуе ў нявінных, асабліва ў тых, хто пакутуе ад гвалту, нянавісці і вайны”. "Молімся за іх, за ахвяр вайны, молімся, каб сапраўды наступіў новы, адноўлены мір, які можа даць новае жыццё ўсім”, – заклікаў Леў XIV, выказваючы надзею на велікоднае перамір'е.
Крыжовы шлях
На пытанне аб рашэнні несці крыж падчас усіх чатырнаццаці стацый Крыжовага шляху ў Калізеі Папа адказаў: "Я лічу, што гэта будзе важны знак, улічваючы тое, кім з'яўляецца Папа: духоўным лідарам у сённяшнім свеце, голасам, які кажа, што Хрыстус усё яшчэ пакутуе. І я таксама нясу ўсе гэтыя пакуты ў сваіх малітвах". Ён заклікаў усіх людзей добрай волі, вернікаў, ісці разам, крочыць з Хрыстом, які пакутаваў за нас, каб даць нам збаўленне, і імкнуцца да таго, каб і мы былі носьбітамі міру".
Падарожжа ў Іспанію
На пытанне аб тым, чаго ён чакае ад апостальскага падарожжа ў Іспанію, запланаванага на чэрвень 2026 года, Святы Айцец адказаў: “Веры, шмат любові, гасціннасці і цёплага прыёму”. "Я наведваю Іспанію ўжо больш за 40 гадоў і заўсёды сустракаў там людзей вялікай веры і добрай волі”, – сказаў Папа, спадзяючыся пабачыць усё гэта і падчас наступнага візіту.
