Пошук

Імша ў Мангома: хрысціяне пакліканы ўзяць лёс краіны ў свае рукі

Не баяцца абвяшчаць Евангелле, будаваць мірную будучыню і працягваць справу, распачатую місіянерамі 170 гадоў таму, заклікаў Папа вернікаў Экватарыяльнай Гвінеі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

22 красавіка 2026 года у рамках апостальскага падарожжа ў Афрыку Леў XIV прыбыў у горад Мангома, размешчаны ў правінцыі Вэле-Нзас, непадалёк ад мяжы Экватарыяльнай Гвінеі з Габонам. У выніку нафтавага буму 1990-х гадоў ён стаў значным адміністрацыйным і інфраструктурным цэнтрам краіны.

Пантыфік узначаліў Святую Імшу ў галоўнай святыні рэгіёна – базіліцы Беззаганнага Зачацця, на якой прысутнічала каля 100 тысяч чалавек. У гаміліі ён падкрэсліў, што Эўхарыстыя з’яўляецца “крыніцай і вяршыняй жыцця і місіі Касцёла”, бо ў ёй Хрыстус дорыць Сябе чалавецтву як “жывы хлеб, які сілкуе нас”. Яго прысутнасць у Эўхарыстыі праяўляе бясконцую любоў Бога да ўсёй чалавечай сям'і і да кожнага чалавека.

170 гадоў евангелізацыі

На думку Папы, 170-я гадавіна евангелізацыі Экватарыяльнай Гвінеі ўяўляе сабой добрую нагоду ўспомніць “усё тое добрае, што стварыў Пан”, і ў той жа час падзякаваць місіянерам, святарам, катэхетам і свецкім вернікам, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Евангеллю, нягледзячы на выпрабаванні.

Стаць місіянерамі для саміх сябе

Святы Айцец падкрэсліў, што гэтая спадчына з’яўляецца не толькі часткай мінулага, але і заклікам да дзеяння сёння. Ён нагадаў словы Паўла VI, які ў 1969 годзе ў Кампале заклікаў афрыканцаў стаць місіянерамі для саміх сябе, бо Касцёл ужо глыбока ўкаранёны на іх глебе. Цяпер вернікі пакліканы самі несці адказнасць за яго развіццё і стварэнне агульнага дабра. Такая адказнасць патрабуе настойлівасці і самаахвярнасці. Касцёл, які бясстрашна і радасна абвяшчае Хрыста, можа падвяргацца пераследу. Але, як сцвярджае Евангелле, нават пераслед прыносіць плён – многія набліжаюцца да Слова Божага і на свае вочы бачаць цудоўныя знакі Божай прысутнасці, якая прыносіць аздараўленне хворым целам і духам.

Нават сутыкаючыся з асабістымі, сямейнымі і сацыяльнымі цяжкасцямі, мы пакліканы заставацца вернымі Евангеллю і з радасцю сведчыць пра яго. Бог не праміне праявіць знакі сваёй прысутнасці, бо Ён дзейнічае ў нашым жыцці і, як “хлеб жыцця”, здавальняе наш голад (пар. Ян 6:35), - адзначыў Леў XIV.

Голад па надзеі і справядлівасці

На думку Пантыфіка, найбольшы “голад”, які адчуваюць сёння гвінейцы – гэта імкненне да будучыні, поўнай надзеі, здольнай спарадзіць новае пачуццё справядлівасці і прынесці плён міру і братэрства. Гэта не невядомая будучыня, якую трэба пасіўна чакаць, а тое, што людзі пакліканы будаваць самі з Божай ласкай. “Будучыня Экватарыяльнай Гвінеі залежыць ад вашага выбару. Яна залежыць ад вашага пачуцця адказнасці і агульнага імкнення абараняць жыццё і годнасць кожнага чалавека”, - сказаў Папа.

Адказнасць за будучыню краіны

Пантыфік заклікаў гвінейцаў усебакова развіваць сваю краіну, выкарыстоўваць яе прыродныя багацці для ўсіх, служыць агульнаму дабру, а не прыватным інтарэсам, скарачаючы разрыў паміж прывілеяванымі і бяздольнымі. “Хай будзе больш магчымасцяў для свабоды, і хай годнасць чалавечай асобы заўсёды будзе абаронена”, - пажадаў Леў XIV, нагадваючы пра найбольш уразлівых – бедных, сем’і ў цяжкім становішчы і зняволеных, якія вымушаныя жыць у неспрыяльных санітарна-гігіенічных умовах.

“Хрысціянам неабходна ўзяць лёс Экватарыяльнай Гвінеі ў свае рукі. Таму я заклікаю вас: не бойцеся абвяшчаць Евангелле і сведчыць пра яго сваім жыццём! Будзьце будаўнікамі будучыні, поўнай надзеі, міру і прымірэння, працягваючы справу, распачатую місіянерамі 170 гадоў таму”, - сказаў напрыканцы гаміліі Леў XIV, даручаючы гвінейцаў апецы Беззаганнай Панны Марыі.

22 красавіка 2026, 11:44