Папа: слухаць пажылых людзей – яны захоўваюць мудрасць народа
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Езусу падабалася быць дома ў сваіх сяброў”, - сказаў Леў XIV, нагадваючы пра візіт Хрыста ў дом Пятра ў Кафарнаўме і аздараўленне яго цёшчы, а таксама ў дом Марыі, Марты і Лазара ў Бэтаніі, дзе Ён быў прыняты як Настаўнік і Пан, але таксама і як член сям’і.
“Таму мне прыемна думаць пра тое, што Езус жыве і тут, у гэтым доме. Ён жыве сярод вас заўсёды, калі вы намагаецеся любіць адзін аднаго і аказваць узаемную дапамогу, як браты і сёстры; калі пасля непаразуменняў ці невялікай крыўды, вы ўмееце прабачыць і прымірыцца; калі некаторыя з вас ці ўсе разам моліцеся ў прастаце і пакоры”, - сказаў Папа.
Пантыфік выказаў падзяку ангольскім уладам за ініцыятывы, накіраваныя на дапамогу пажылым людзям, якія знаходзяцца ў нястачы, а таксама работнікам сацыяльных структур і валанцёрам.
“Клопат пра ўразлівых людзей – гэта вельмі важны знак якасці сацыяльнага жыцця краіны. Давайце не будзем забываць: пажылым людзям трэба не толькі дапамагаць – у першую чаргу іх трэба слухаць, бо яны захоўваюць мудрасць народа. Мы павінны быць удзячныя ім за вялікія цяжкасці, якія яны пераадолелі дзеля дабра грамадства”, - дадаў Святы Айцец.
“Дарагія сёстры і браты, я захаваю ў сэрцы памяць пра гэту сустрэчу з вамі. Няхай Панна Марыя, якая напаўняла вера і любоўю дом у Назарэце, заўсёды чувае над вашай супольнасцю”, - сказаў на завяршэнне прамовы Папа.
