Леў XIV: спорт можа быць майстэрняй паяднанага чалавецтва
Аляксандр Панчанка - Vatican News
9 красавіка 2026 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 240 італьянскіх удзельнікаў Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, якія праходзілі ў Мілане і Карціна-д’Ампэца. Ён адзначыў, што гэта важная спартыўная падзея распаўсюджвала ва ўсім свеце “высакароднае чалавечае, культурнае і духоўнае пасланне”.
Святы Айцец падзякаваў атлетам за сведчанне, заўважыўшы, што сапраўдны спорт – “гэта не толькі вынікі, але таксама і мова, якая распавядае пра намаганні, чаканне, падзенні і новыя пачаткі”.
“Падчас Гульняў мы бачылі не толькі целы ў руху, але і гісторыі ахвярнасці, дысцыпліны і вытрываласці. У прыватнасці, на паралімпійскіх спаборніцтвах мы назіралі, як абмежаванне можа стаць месцам адкрыцця: не чымсьці, што перашкаджае чалавеку, а тым, што можа быць пераўтворана і нават пераменена ў нанова здабытыя якасці. Вы, спартсмены, сталі прыкладамі для пераймання, якія натхняюць мноства людзей”, - сказаў Пантыфік.
Леў XIV заўважыў, што ўзаемная падтрымка і перажыванне цяжкасцей у спорце могуць весці да сустрэчы з Богам. Ён нагадаў таксама, што спартыўная дзейнасць дапамагае “сталенню характару, патрабуе моцнай духоўнасці і з’яўляецца эфектыўнай формай выхавання”.
“Дзякуючы спорту мы вучымся пазнаваць уласнае цела, не ідэалізуючы яго, кіраваць эмоцыямі, спаборнічаць, не губляючы пачуцця братэрства, прымаць паразы без адчаю, а перамогу – без пыхі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Па словах Папы, “спорт з’яўляецца сапраўдным, калі застаецца чалавечным, гэта значыць верным свайму першаму пакліканню – быць школай жыцця і талентаў”. “Школай, у якой мы вучымся таму, што сапраўдны поспех вымяраецца якасцю адносін: не колькасцю ўзнагарод, а ўзаемнай павагай, радасцю, раздзеленай у гульні”, - дадаў ён, заклікаючы спартсменаў імкнуцца да гармоніі паміж целам і духам, каб дасягнуць такім чынам жыцця ў дастатку, пра якое нам кажа Евангелле.
“У цяперашні час, так пазначаны палярызацыяй, варожасцю і канфліктамі, якія ператвараюцца ў разбуральныя войны, ваша дзейнасць набывае яшчэ большую каштоўнасць: спорт можа і павінен станавіцца сапраўднай прасторай для сустрэчы! Не дэманстрацыі сілы, але практыкавання ў адносінах”, - сказаў Пантыфік.
Леў XIV звярнуў увагу таксама на спакусы, прысутныя ў свеце спорту: дасягненне вынікаў любым коштам, што можа весці да ўжывання допінгу; прага прыбытку, якая падпарадкоўвае гульню логіцы рынку, а спартсмена ператварае ў бажаство ці проста ў адзінку.
“Дарагія атлеты, вы былі сведкамі сумленнага і прыгожага практыкавання спорту. Распаўсюджвайце ідэю пра тое, што можна спаборнічаць без нянавісці адзін да аднаго. Што можна перамагаць, не прыніжаючы. Што можна прайграваць, не губляючы саміх сябе. І гэта датычыць не толькі спорту, але таксама грамадскага жыцця, палітыкі, адносін паміж народамі, бо спорт, калі практыкуецца добра, становіцца майстэрняй паяднанага чалавецтва, дзе адметнасці – гэта не пагроза, а багацце”, - сказаў Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Папа заахвоціў спартсменаў углядацца ў крыж Хрыста – найвышэйшы і найважнейшы знак ахвярнасці, каб распальваць у сабе жаданне праяўляць свае найлепшыя якасці ва ўсіх сферах жыцця.
