Пошук

Папа: Касцёл у Анголе расце і можа спрыяць прызнанню правоў усіх

Падчас пералёту з Анголы ў Экватарыяльную Гвінею Папа паразмаўляў з ангольскімі журналістамі, якіх цікавілі адносіны паміж Касцёлам і гэтай дзяржавай, дата прызначэння новых кардыналаў і ўражанні Льва XIV ад падарожжа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Адказваючы на пытанне пра тое, як Касцёл можа дапамагчы Анголе дасягнуць паляпшэнняў, асабліва ў сферы адукацыі і аховы здароўя, Святы Айцец падкрэсліў, што яны ўжо “працуюць разам на карысць усяго народа, але з розных пазіцый”.

Пантыфік заўважыў, што абмяркоўваў пытанні супрацоўніцтва з ангольскім прэзідэнтам, каб дапамагчы дзяржаве палепшыць паслугі, якія аказваюцца насельніцтву, напрыклад, шляхам будаўніцтва новых шпіталёў і іншых аб’ектаў.

Леў XIV адзначыў, што Касцёл у Анголе таксама адказны за тое, каб сваім “сведчаннем, словам, мужным прапаведаваннем і абвяшчэннем Божага слова спрыяць прызнанню правоў усіх і дапамагаць такім чынам прасоўваць усеагульныя правы”.

Журналістаў цікавіла, калі Леў XIV плануе правесці свой першы кансісторый па прызначэнні кардыналаў і ці плануецца прызначэнне кардынала з Анголы. Пантыфік заўважыў, што пытанне пра кансісторый цікавіць многіх, “але, калі будуць прызначаны новыя кардыналы, пакуль не вырашана”.

“Нам трэба паглядзець на гэта пытанне ў глабальным маштабе”, - сказаў ён, не выключаючы магчымасці разгляду кардынальскіх прызначэнняў, у тым ліку з Анголы, “у бліжэйшай будучыні, крыху пазней”.

Каментуючы сваё падарожжа ў Афрыку, Папа падзяліўся радасцю ад магчымасці ўбачыць “месцы ў свеце, дзе адбываецца рост Касцёла”. “Мы ўсе ведаем, што ў іншых частках свету адбываецца адваротнае, таму тут гэта заклікае нас да евангелізацыі, да таго, каб працягваць абвяшчаць Евангелле”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што евангелізацыя павінна адбывацца без празелітызму, але як радаснае сведчанне прыгажосці веры.

Пантыфік заўважыў, што ў Анголе Касцёл расце, таму актуальным пытаннем для краіны з’яўляецца стварэнне новых дыяцэзій і прызначэнне новых біскупаў, каб вернікі яшчэ мацней адчувалі блізкасць пастыраў.
 

21 красавіка 2026, 13:04