Пошук

Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі  (@Vatican Media)

Папа пра сітуацыю ў Калумбіі: спыніць гвалт і выбраць шлях міру

Гвалт у Калумбіі, мучаніцтва польскага духавенства ў гады Другой сусветнай вайны і ўспамін святой Кацярыны Сіенскай былі тэмамі зваротаў, якія Папа скіраваў 29 красавіка 2029 года на заканчэнне агульнай аўдыенцыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З болем і трывогай я даведаўся пра трагічную сітуацыю з гвалтам, якая ахапіла паўднёва-заходні рэгіён Калумбіі і прывяла да гібелі мноства людзей”, - заўважыў Леў XIV, спасылаўшыся на нядаўнія падзеі ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне, дзе ўсяго за некалькі тыдняў да прэзідэнцкіх выбараў члены леварадыкальных паўстанчых груповак здзейснілі шэраг нападаў на мірнае насельніцтва.

“Я выказваю маю малітоўную блізкасць ахвярам і іх сем’ям і заклікаю ўсіх адмовіцца ад усякіх форм гвалту і рашуча выбраць шлях міру”, - сказаў Пантыфік у звароце да іспанамоўных пілігрымаў.

Леў XIV звярнуўся таксама да польскіх вернікаў, якія ўспамінаюць сваіх мужных пастыраў часоў Другой сусветнай вайны. “Сёння, у гадавіну вызвалення нацысцкага нямецкага лагера ў Дахау, вы адзначаеце Дзень мучаніцтва польскага духавенства падчас Другой сусветнай вайны. Прасіце аб заступніцтве біскупаў, святароў і семінарыстаў – мучанікаў таталітарных рэжымаў ХХ стагоддзя. Няхай яны заступаюцца асабліва за моладзь, каб магла мужна адказаць на Божы заклік”, - заахвоціў Святы Айцец.

Вітаючы моладзь, хворых і маладажонаў, Пантыфік спаслаўся на літургічны ўспамін святой Кацярыны Сіенскай, панны і доктара Касцёла. “Дарагая моладзь, будзьце закаханымі ў Хрыста, як святая Кацярына, каб ісці за Ім з запалам і вернасцю. Дарагія хворыя, пагрузіце вашы пакуты ў таямніцу любові Крыві Адкупіцеля, сузіраючы з асаблівай пабожнасцю сіенскую святую. А вы, дарагія маладажоны, праз сваю ўзаемную любоў будзьце знакам любові Хрыста да Касцёла”, - заклікаў Папа.
 

29 красавіка 2026, 12:37