Папа да гвінейскіх эліт: мір замест прагнасці і каланізацыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас свайго візіту ў прэзідэнцкі палац у Малаба 21 красавіка 2026 года Пантыфік звярнуўся да палітычнай эліты і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Ён нагадаў пра словы святога Яна Паўла ІІ, які бачыў у мясцовым кіраўніцтве сімвалічны цэнтр памкненняў народа да свабоды і лепшага жыцця.
Леў XIV падкрэсліў, што Касцёл заўсёды жыве радасцямі і смуткамі людзей, і таму яго сэрца б'ецца ў адзіным рытме з народам краіны, якая імкліва трансфармуецца.
Сумленне перад выбарам: ці стане новая сталіца адлюстраваннем вечных каштоўнасцей?
У сваіх разважаннях Святы Айцец звярнуўся да філасофіі святога Аўгустына пра два гарады. Ён звярнуў увагу на тое, што Экватарыяльная Гвінея будуе новую сталіцу пад назвай "Горад Міру". Паводле слоў Папы, гэты амбітны праект павінен прымусіць кожнага задумацца, якому менавіта гораду ён служыць. Хрысціяне пакліканы жыць на зямлі, але іх сэрцы павінны імкнуцца да нябеснай айчыны, застаючыся свабоднымі ад ілюзіі панавання і несправядлівага багацця.
Разрыў паміж адным працэнтам багатых і астатняй часткай чалавецтва драматычна павялічыўся. Узнікае парадокс: людзі не маюць зямлі, ежы і працы, але пры гэтым маюць доступ да штучнага інтэлекту і мабільных тэлефонаў.
Тэхналагічны прагрэс як выпрабаванне для чалавечай годнасці і міжнароднай справядлівасці
Асаблівы акцэнт у сваёй прамове Пантыфік зрабіў на тэхналагічным развіцці, якое часта служыць выключна здабычы карысных выкапняў, калі забываюцца правы мясцовых супольнасцей і абарона навакольнага асяроддзя. Ён працытаваў Папу Францішка, які адышоў у вечнасць роўна год таму: "Эканоміка выключэння і несправядлівасці забівае".
Сёння відавочна, папярэдзіў Леў XIV, што многія ўзброеныя канфлікты наўпрост звязаны з каланізацыяй нафтавых і горназдабыўных радовішчаў у абыход міжнароднага права.
Звяртаючыся да моладзі гэтай маладой краіны, Святы Айцец выказаў упэўненасць, што касцельны досвед дапаможа ім сфарміраваць свабоднае і адказнае сумленне.
Напрыканцы сустрэчы Пантыфік падкрэсліў жыццёвую неабходнасць смелых палітычных рашэнняў, якія ідуць насуперак пануючай плыні і арыентуюцца на агульнае дабро. Сапраўдны “Горад Міру” – гэта дар звыш. Каб яго дасягнуць, грамадства павінна ператварыць мячы ў плугі, прапануючы кожнаму месца за сталом дабрабыту, які больш не з'яўляецца прывілеем вузкай эліты.
