Папа да гвінейскіх сем’яў і моладзі пра каханне, веру і годнасць

Падчас візіту ў Экватарыяльную Гвінею Леў XIV 22 красавіка 2026 года вечарам сустрэўся з моладдзю і сем’ямі на стадыёне горада Бата, заклікаўшы іх будаваць будучыню краіны на падмурку веры і хрысціянскай любові.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскае падарожжа Папы па краінах Афрыкі працягнулася кранальнай сустрэчай на стадыёне ў горадзе Бата. Экватарыяльная Гвінея, якую Пантыфік назваў краінай "поўнай энергіі і жадання жыць", сустрэла Наступніка Пятра не толькі спёкай, але і неверагодным водбліскам радасці ў вачах тысяч вернікаў.

Прывітальныя словы біскупа Мігеля Анхеля Нгуэмы Бі і традыцыйныя танцы падкрэслілі багатую ідэнтычнасць гэтага народа, які імкнецца зрабіць Хрыста сваім сапраўдным святлом.

Сведчанні жывой веры і мары аб годнай працы

Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV адзначыў, што культура і традыцыі Гвінеі – гэта "светлая і нялёгкая спадчына", якая патрабуе ад маладых людзей адказнасці. Папа спаслаўся на словы святога Яна Паўла II, сказаныя падчас яго візіту ў 1982 годзе, заклікаючы мясцовых хрысціян заўсёды даваць прыклад згоды, узаемнай любові і павагі да годнасці кожнага чалавека як дзіцяці Божага.

Глыбокі роздум выклікалі сведчанні саміх удзельнікаў сустрэчы. Маладая работніца Алісія Ікіма Іпо падзялілася марамі аб грамадстве, дзе цэніцца культура намаганняў і дысцыпліны, а не лёгкі поспех. Папа падтрымаў яе думку, падкрэсліўшы, што хрысціянства выяўляецца не толькі ў Эўхарыстыі, але і ў годнай працы і паважлівым стаўленні да кожнага, асабліва ва ўмовах выклікаў, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў працоўнай сферы.

Тэма паклікання прагучала ў словах семінарыста Франсіска Марціна Нзе Абіянга. Леў XIV, каментуючы яго шлях, запэўніў моладзь, што жыццё, аддадзенае Богу, – гэта шчаслівае жыццё, якое штодня абнаўляецца ў малітве і сакрамэнтах. Святы Айцец заклікаў не баяцца ісці за Хрыстом, абяцаючы, што кожны, хто адгукнецца на гэты заклік, атрымае "ў сто разоў больш".

Сям’я як прастора любові і абароны жыцця

Асаблівую ўвагу Пантыфік удзяліў інстытуту сям’і. Пурыфікасьён Нтангона Нгуэма і Хаймэ Антоніа Ндонг, маладая сямейная пара, сталі для прысутных прыкладам таго, як шлюб можа быць захапляльнай місіяй і саюзам, што будуецца дзень за днём. Папа нагадаў, што сям’я – гэта "жывая скульптура", здольная праяўляць Бога-Створцу, нават калі даводзіцца сутыкацца з грамадскімі стэрэатыпамі.

На заканчэнне сустрэчы прагучаў заклік да абароны жыцця. Сведчанне падлетка Віктара Антоніа аб адказнасці за малых і безабаронных стала для ўсіх напамінам: прыняцце жыцця патрабуе ахвярнасці і клопату. Леў XIV заахвоціў вернікаў быць сведкамі любові, якая здольная трансфармаваць свет і яго структуры, каб ніводзін чалавек не быў забыты.

Пасля сустрэчы на стадыёне Папа накіраваўся ў аэрапорт Баты, адкуль вылецеў у Малаба. Завяршэннем гэтага насычанага дня стала прыватная вячэра ў доме арцыбіскупа сталіцы.
 

22 красавіка 2026, 11:33