Пошук

Выйсці за парог інерцыі: Папа пра сэнс Вялікага чацвярга

Леў XIV узначаліў Імшу Вячэры Пана ў рымскай базіліцы святога Яна на Латэране, заклікаўшы вернікаў прыняць Божую любоў, якая выяўляецца не ў панаванні, а ў пакорным служэнні чалавеку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Літургія пачалася 2 красавіка 2026 года вечарам пад спеў антыфоны "Nos autem gloriari oportet in cruce Domini nostri Iesu Christi", якая нагадала сабраным, што адзіны гонар хрысціяніна – гэта Крыж Збаўцы.

Уваход у Святы Пасхальны Трыдуум – гэта не проста фармальнасць або роля гледача ў прыгожым рытуале. Святы Айцец падчас гаміліі падкрэсліў, што кожны хрысціянін запрошаны на гэтую Вячэру асабіста Езусам. Менавіта тут хлеб і віно становяцца Сакрамантам збаўлення, а любоў Бога даходзіць да сваёй мяжы. У свеце, дзе часта пануе зло, Хрыстус любіць канчаткова і без астатку, раскрываючы сапраўдную справядлівасць Неба.

Умыванне ног – гэта не проста маральны ўрок, а поўны сінтэз таго, як Бог адкрывае Сябе чалавеку праз уцелаўлёнае Слова.

Тлумачачы значэнне жэсту ўмывання ног, Пантыфік звярнуў увагу на грэчаскае слова "upódeigma", якое выкарыстаў евангеліст Ян. Гэта тое, што "паказана прама перад вачыма". Па словах Льва XIV, прымаючы ваду і ручнік, Хрыстус перадае нам не проста мадэль паводзін, а Сваю ўласную форму жыцця. Прымаючы стан слугі, Сын Божы разбурае мірскія крытэрыі, якія забруджваюць нашу сумленне і скажаюць уяўленне пра веліч.

Чалавечая ганарыстасць часта перашкаджае зразуменню гэтай логікі. Папа працытаваў словы свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, нагадваючы, што мы заўсёды схільныя шукаць бога поспеху, а не Бога Мукі. Мы хочам, каб Бог служыў нашым інтарэсам, дапамагаў перамагаць і даваў уладу. Але сапраўдная ўсемагутнасць Створцы выяўляецца ў тым, што Ён становіцца на калені перад чалавекам, каб абмыць яго і перамяніць Сваім дарам.

Хрыстус ачышчае наша ўяўленне пра Бога і чалавека, здымаючы маскі фальшывай магутнасці і панавання.

Леў XIV адзначыў, каб навучыцца любіць па-сапраўднаму, мы павінны дазволіць Пану паслужыць нам. У Вячэрніку Езус дае прыклад не тады, калі вакол пануе радасць, а ў ноч здрады і цемры. Гэта сведчыць аб тым, што Бог любіць нас не таму, што мы чыстыя, а любіць, каб зрабіць нас чыстымі праз Сваю міласэрнасць.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў стаць на калені разам з прыгнечанымі ўсяго свету, бо толькі праз узаемнае служэнне і Эўхарыстыю хрысціяне могуць стаць жывым успамінам пра Хрыста.

Пасля святой камуніі, якая суправаджалася гімнам "O sacrum convivium" і спевам "Dono di grazia", Найсвяцейшы Сакрамант быў урачыста перанесены ў Капліцу адарацыі. Пад гукі "Pange, lingua" Леў XIV акадзіў алтар, рыхтуючы вернікаў да маўклівай малітвы.

Набажэнства скончылася ў глыбокай цішыні, пакідаючы кожнага перад тварам Бога, які стаіць на каленях дзеля чалавека.
 

02 красавіка 2026, 19:20