Пошук

Папа: народ павінен быць актыўным суб’ектам палітычнага жыцця

25 красавіка 2026 года Папа прыняў каля 190 членаў Еўрапейскай народнай партыі. Ён заклікаў паставіць сустрэчу з людзьмі ў цэнтр палітыкі. “У эпоху трыумфу лічбавага фармату палітычнай дзейнасці трэба вярнуцца да аналагавага”, - сцвердзіў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV падкрэсліў, што рады сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрапейскай народнай партыі, якая праходзіць у працяг сустрэч, што праводзілі яго папярэднікі – святы Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Папа нагадаў, што Францішак, хоць і не змог прыняць на аўдыенцыі палітыкаў з прычыны сваёй шпіталізацыі ў чэрвені 2023 года, скіраваў да іх сваё пасланне.

Пантыфік заўважыў, што партыя натхняецца палітычнай дзейнасцю “айцоў-заснавальнікаў сучаснай Еўропы”: Конрада Адэнаўэра, першага канцлера ФРГ; Альчыда Дэ Гаспэры, заснавальніка італьянскай Хрысціянска-дэмакратычнай партыі; і Рабэра Шумана, французскага палітыка, які пасля Другой сусветнай вайны прапанаваў стварыць Еўрапейскую супольнасць вугалю і сталі, што лічыцца зачаткам будучага Еўрапейскага Саюза. Папа падкрэсліў, што іх мэтай было адзінства – “прасоўванне супрацоўніцтва, здольнага пераадолець стагоддзі падзелаў”.

“Айцы-заснавальнікі натхняліся сваёй асабістай верай і лічылі хрысціянскія прынцыпы супольным і аб’ядноўваючым фактарам, які мог дапамагчы заархіваваць дух рэваншызму і канфліктнасці, што прывёў да Другой сусветнай вайны”, – сцвердзіў Пантыфік.

Папа заўважыў, што “імкненне да адзінства дае адвагу выйсці за межы павярхоўнасці канфлікту і шанаваць іншых у іх найглыбейшай годнасці, дазваляючы такім чынам нарадзіцца нечаму новаму і стваральнаму, у той час як канфлікт узмацняе рознагалоссі, імкненне да ўлады і яе сцвярджэнне і вядзе да разбурэння”.

Леў XIV нагадаў, што палітычная дзейнасць патрабуе “шырокага позірку на будучыню”, здольнасці “без страху прымаць складаныя рашэнні”, у тым ліку “непапулярныя”, ставячы людзей у цэнтр уласных намаганняў, заўсёды ўспрымаючы іх актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, і ніколі – проста пасіўнымі адрасатамі. Такі падыход, спалучаны з нястомным пошукам агульнага дабра, можа зрабіць палітыку “найвышэйшай формай любові”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што слова “народная” ў назве партыі азначае, што яе дзейнасць павінна быць скіравана на людзей. “Вы называецеся Еўрапейскай народнай партыяй. Народ знаходзіцца ў цэнтры вашай дзейнасці, і вы не можаце ігнараваць яго. Народ – гэта не проста пасіўны суб’ект, адрасат палітычных прапаноў і рашэнняў. Перш за ўсё, ён пакліканы быць актыўным суб’ектам, саўдзельнікам усякай палітычнай дзейнасці”, – сказаў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што развіццё лічбавай сферы ў апошнія гады, якая дае магчымасць камунікацыі на адлегласці, паўплывала на аслабленне адносін паміж грамадзянамі і палітыкамі. Ён заахвоціў дэпутатаў аднавіць прамы і непасрэдны кантакт з людзьмі, каб мець магчымасць больш эфектыўна адказваць на іх канкрэтныя праблемы.

“Звяртаючыся да метафары, мы можам сказаць, што ў эпоху трыумфу лічбавага фармату палітычная дзейнасць, па-сапраўднаму скіраваная на агульнае дабро, патрабуе вяртання да аналагавага”, – сказаў Папа.

Леў XIV заўважыў, што менавіта аднаўленне адносін з народам можа стаць супрацьяддзем ад палітыкі, “якая часта крычыць, зводзіцца да слоганаў” і не адказвае на “рэальныя патрэбы людзей”. Каб зрабіць гэта, неабходна “нанова адкрыць і прыняць хрысціянскую спадчыну, з якой вы паходзіце”, – дадаў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, быць хрысціянамі ў палітыцы значыць “дазволіць, каб Евангелле асвятляла рашэнні, якія неабходна прыняць, у тым ліку тыя, якія, здаецца, не атрымліваюць лёгкага ўхвалення”. “Быць хрысціянамі, уключанымі ў палітыку, значыць мець рэалістычны погляд, які адштурхоўваецца ад канкрэтных патрэб людзей”, – дадаў ён.

Леў XIV патлумачыў, што гэта значыць “ствараць годныя ўмовы працы”; “дапамагаць пераадольваць страх перад стварэннем сям’і і нараджэннем дзяцей”; “змагацца з глыбіннымі прычынамі міграцыі” і “ўлічваць рэальныя магчымасці прыёму і інтэграцыі мігрантаў у грамадства”; вырашаць праблемы нашага часу, “такія як клопат пра стварэнне і штучны інтэлект”; а ў першую чаргу заўсёды прасоўваць свабоду, заснаваную на праўдзе: гэта прынцып, які выражаецца ў абавязку абараняць свабоду веравызнання, думкі і сумлення “ў кожным месцы і пры ўсякіх умовах”, - падкрэсліў Леў XIV.
 

25 красавіка 2026, 12:10