Пошук

Святы Айцец: любоў – адзіная сіла, якая перамагае зло

Хрысціяне на Блізкім Усходзе з’яўляюцца быццам зоркамі ў небе. Яны павінны паважацца не толькі на словах і быць паўнапраўнымі грамадзянамі сваіх краін, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

10 красавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі членаў Сінода Халдэйскай Каталіцкай Царквы, якія сабраліся ў Рыме, каб правесці выбары новага Патрыярха. Месяц таму Пантыфік прыняў адстаўку з гэтай пасады кардынала Луіса Рафаэля Сако. Іерарх займаў яе на працягу трынаццаці гадоў.

“Заклікаю вас дазволіць Святому Духу весці вас, знаходзячы ў Ім згоду і шукаючы не тое, што здаецца больш карысным у вачах свету, але тое, што найбольш адпавядае Хрыстоваму сэрцу”, - сказаў Папа.

Айцец у веры і знак адзінства

Пантыфік пажадаў, каб новы Патрыярх быў у першую чаргу айцом у веры і знакам адзінства. “Нам можа здавацца, што жыццё паводле Евангелля, гэта значыць у лагоднасці і цярплівым пошуку адзінства, супярэчыць агульнай плыні, часам нават з’яўляецца контрпрадуктыўным, але на самай справе гэта самы мудры шлях, бо любоў – адзіная сіла, якая перамагае зло і наносіць паразу смерці”, - запэўніў Святы Айцец.

Леў XIV выказаў пажаданне, каб новы прадстаяцель Халдэйскай Царквы быў чалавекам евангельскіх благаслаўленняў, пакліканым не да надзвычайных жэстаў і стварэння рэзанансу, а да штодзённай святасці, якая складаецца з сумленнасці, міласэрнасці і чыстага сэрца.

“Няхай ён будзе пастырам, здольным слухаць і суправаджаць, бо ўлада ў Касцёле – гэта заўсёды служэнне і ніколі панаванне. І калі свет ці навакольны кантэкст схілялі б да яго, не дазвольце ўвесці вас у зман, але заўсёды вяртайцеся да плённай і прароцкай прастаты Евангелля”, - заахвоціў сваіх гасцей Пантыфік.

Прыклад і падтрымка для ўсяго народа

Папа запэўніў Халдэйскую Каталіцкую Царкву ў сваёй блізкасці, заклікаючы яе членаў адказваць на выклікі часу ў духу веры і адзінства, у тым ліку з хрысціянамі іншых канфесій. “Так вы станеце вялікім прыкладам і падтрымкай таксама для вашага дарагога і поўнага любові народа, які я нашу ў сэрцы і за які малюся”, - сказаў ён.

Духоўнае абнаўленне

Пантыфік заахвоціў халдэйскую каталіцкую супольнасць да духоўнага абнаўлення, захоўваючы вернасць сваім традыцыям, а таксама літургічнай і духоўнай спадчыне. “Заклікаю вас быць уважлівымі і празрыстымі ў кіраванні дабротамі, стрыманымі, разважлівымі і адказнымі ў выкарыстанні сродкаў масавай камунікацыі, асцярожнымі ў публічных заявах, каб кожнае слова і паводзіны дапамагалі будаваць – а не раніць – касцёльнае адзінства і сведчанне Касцёла”, - дадаў ён.

Хрысціяне Блізкага Усходу як зоркі ў небе

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць фармацыі і падтрымкі духавенства, а таксама душпастырства свецкіх вернікаў, каб, нягледзячы на выпрабаванні, яны заставаліся моцнымі ў веры, атрыманай ад айцоў, і не пакідалі сваёй зямлі.

“Гэта важна для ўсяго Касцёла, бо рэгіёны, дзе ўзышло святло веры – orientale lumen – не могуць без людзей, якія вераць у Езуса, без хрысціянаў, якія на Блізкім Усходзе як зоркі на небе. Няхай разыдуцца хмары, што засланяюць гэтае святло: няхай хрысціянаў на ўсім Блізкім Усходзе паважаюць не толькі на словах: няхай яны карыстаюцца сапраўднай рэлігійнай свабодай і будуць паўнапраўнымі грамадзянамі, няхай да іх не ставяцца як да гасцей або грамадзян другога гатунку!”, - сказаў Папа.

Бог не благаслаўляе канфлікты

Леў XIV назваў членаў Халдэйскай Царквы “знакам надзеі ў свеце, пазначаным абсурдным і бесчалавечным гвалтам”, які распаўсюджваецца з жорсткасцю “менавіта на тых землях, якія бачылі прыйсце збаўлення, у святых месцах хрысціянскага Усходу, апаганеных блюзнерствам вайны і жорсткасцю інтарэсаў”.

“Але ніводзін інтарэс не можа быць даражэй за жыццё самых слабых, дзяцей, сем’яў; ніводная справа не можа апраўдаць пралітую нявінную кроў. Вы, пакліканыя быць нястомнымі міратворцамі ў імя Езуса, дапамажыце нам ясна абвяшчаць, што Бог не благаслаўляе ніякі канфлікт; дапамажыце ўсклікаць да свету, што той, хто з’яўляецца вучнем Хрыста, Валадара міру, ніколі не стаіць на баку тых, хто ўчора браў у рукі меч, а сёння кідае бомбы; дапамажыце нагадваць, што не ваенныя дзеянні створаць месцы свабоды або мірныя часы, а толькі цярплівае спрыянне суіснаванню і дыялогу паміж народамі”, - сказаў Папа.

“Ваша місія вялікая: абвяшчаць уваскрослага Хрыста нават ва ўмовах смерці, быць жывым увасабленнем веры і міласэрнасці, захоўваць надзею там, дзе яна, здаецца, згасае. Не падайце духам: Пан ідзе побач з вамі”, - запэўніў Святы Айцец.
 

10 красавіка 2026, 12:59