Пошук

Пантыфік: Уваскрасенне Пана – новы пачатак для ўсяго чалавецтва

Уваскрасенне Хрыста дорыць чалавецтву надзею і новую жыццёвую сілу, якая перамагае смерць, - сказаў Папа падчас урачыстай Імшы ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У Вялікадзень, 5 красавіка 2026 года, Леў XIV узначаліў урачыстую Імшу Уваскрасення Пана на Плошчы святога Пятра. “Дарагія браты і сёстры! Усё стварэнне сёння ззяе новым святлом. З зямлі ўзносіцца песня хвалы, радуючы нашы сэрцы: Хрыстус уваскрос з мёртвых, і разам з Ім мы таксама пакліканыя да новага жыцця!” – сказаў у гаміліі Пантыфік. Ён падкрэсліў, што “гэтая велікодная вестка прыносіць надзею, якая не згасае, святло, якое не зыходзіць, і тую паўнату радасці, якую нішто не можа сцерці: смерць была пераможана назаўжды, смерць больш не мае над намі ўлады!”

Гэтую навіну часам няпроста прыняць, бо сіла смерці заўсёды пагражае нам унутры і звонку. Унутры нас гэта праяўляецца тады, калі нашы грахі цягнуць нас уніз і не даюць рухацца наперад; калі расчараванні або адзінота знішчаюць надзею; калі турботы і крыўды заглушаюць радасць жыцця. Калі мы адчуваем смутак, стомленасць, здраду або пакінутасць, калі сутыкаемся з уласнай слабасцю, пакутамі і цяжкасцямі штодзённага жыцця – тады нам здаецца, што мы апынуліся ў тунэлі, выхаду з якога не бачым, - адзначыў Папа.

“Але і звонку смерць заўсёды хаваецца дзесьці побач. Мы бачым яе ў несправядлівасці, у прадузятым эгаізме, у прыгнёце бедных, у абыякавасці да самых слабых. Яна праяўляецца ў гвалце, у ранах свету, у крыку болю, які гучыць адусюль з-за злоўжыванняў, якія крыўдзяць безабаронных; у пакланенні прыбытку, якое рабуе рэсурсы зямлі; у жорсткасці вайны, якая забівае і разбурае”, - заўважыў Святы Айцец.

“У гэтай рэчаіснасці Вялікдзень Пана заклікае нас узняць позірк і раскрыць сэрца. Ён падтрымлівае ў нашым духу і на шляху гісторыі насенне абяцанай перамогі. Ён заклікае нас рухацца, як Марыя Магдалена і апосталы, каб убачыць: магіла Езуса пустая, і таму ў кожнай смерці, якую мы перажываем, ёсць месца для новага жыцця. Пан жывы і застаецца з намі”, - сцвердзіў Папа, дадаючы, што нават у цемры з’яўляюцца праменьчыкі Уваскрасення, якія даюць нашым сэрцам надзею: сіла смерці – не канчатковы лёс чалавека, мы пакліканыя да паўнаты жыцця, бо ў Уваскрослым Хрысце ўваскрасаем і мы.

Пра гэта з сардэчнай цеплынёй казаў Папа Францішак у сваёй першай апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”. Ён падкрэсліваў, што Уваскрасенне Хрыста – гэта не падзея мінулага, а жыццёвая сіла, якая працягвае дзейнічаць у свеце і прыносіць плён, - нагадаў Леў XIV.

“Браты і сёстры, Пасха Пана дорыць нам гэтую надзею, нагадваючы, што ва Уваскрослым Хрысце штодня магчымае новае стварэнне. Пра гэта сведчыць сённяшняе Евангелле, якое паказвае падзею Уваскрасення як “першы дзень тыдня” (Ян 20,1). Такім чынам, дзень Уваскрасення Хрыста вяртае нас да стварэння, да таго першага дня, калі Бог стварыў свет, і адначасова абвяшчае, што новае жыццё, мацнейшае за смерць, ужо пачынае расці для чалавецтва”, - адзначыў Пантыфік.

“Вялікдзень – гэта новае стварэнне, якое ажыццяўляе Уваскрослы Пан, гэта новы пачатак для ўсяго чалавецтва, гэта жыццё, якое нарэшце стала вечным дзякуючы перамозе Бога над старым ворагам. Сёння нам патрэбна менавіта гэта песня надзеі. І менавіта мы, уваскрослыя з Хрыстом, павінны несці яе на вуліцы свету”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў дзяліцца надзеяй з іншымі, як гэта зрабіла Марыя Магдалена, каб там, дзе ўсё яшчэ лунае прывід смерці, зазіхацела святло жыцця. “Хрыстус, наша Пасха, хай благаслаўляе нас і дорыць свой мір усяму свету!” – пажадаў Леў XIV.

05 красавіка 2026, 10:58