Леў XIV: права на жыццё – аснова ўсіх іншых правоў чалавека
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Каталіцкі Касцёл заўсёды вучыў, што кожнае чалавечае жыццё, ад моманту зачацця да натуральнай смерці – святое і заслугоўвае абароны. Фактычна, права на жыццё – гэта аснова ўсіх іншых правоў чалавека. Таму толькі тады, калі грамадства абараняе святасць чалавечага жыцця, яно можа квітнець і развівацца”, - сказаў Пантыфік у відэапасланні да ўдзельнікаў сустрэчы, якая прайшла 24 красавіка 2026 года ва Універсітэце Дэ Поля ў Чыкага.
“У сувязі з гэтым мы сцвярджаем, што годнасць асобы не страчваецца нават пасля ўчынення самых цяжкіх злачынстваў. Акрамя таго, могуць быць распрацаваны і ўжо распрацаваны эфектыўныя сістэмы ўтрымання пад вартай, якія абараняюць грамадзян, але ў той жа час не пазбаўляюць злачынцаў магчымасці адкупіць сваю віну. Менавіта таму Папа Францішак і мае нядаўнія папярэднікі неаднаразова падкрэслівалі, што можна абараняць агульнае дабро і выконваць патрабаванні справядлівасці, не звяртаючыся да смяротнага пакарання. Таму Касцёл вучыць, што “смяротнае пакаранне недапушчальнае, бо з’яўляецца замахам на недатыкальнасць і годнасць асобы”, - нагадаў Святы Айцец.
Леў XIV выказаў сваю падтрымку рашэнню аб адмене смяротнага пакарання ў штаце Ілінойс у 2011 годзе, а таксама тым, хто змагаецца за адмену смяротнага пакарання ў ЗША і ва ўсім свеце. “Я малюся, каб вашы намаганні прывялі да большага прызнання годнасці кожнага чалавека і натхнілі іншых працаваць на карысць гэтай справядлівай справы”, - запэўніў удзельнікаў канферэнцыі Папа.
