Леў XIV: сведчанне салідарнасці сёння неабходнае як ніколі раней
Марыя Валодзіна – Vatican News
30 красавіка 2026 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Службы па справах Паўсюднага Касцёла і дыялогу Кёльнскай архідыяцэзіі з нагоды 50-годдзя заснавання гэтай структуры.
Папа нагадаў, што візіт адбываецца ў Велікодны перыяд, калі Касцёл радуецца Уваскрасенню Пана і адраджае надзею на новае жыццё. Гэта дае добрую нагоду паразважаць пра паўсюднасць Касцёла і важнасць дыялогу. Касцёл усведамляе сябе пасланым да ўсіх народаў. Гэта місія павінна ажыццяўляцца праз сведчанне любові і ісціны, а не праз навязванне. Дыялог, у сваю чаргу, “умацоўвае адзінства, адкрывае шляхі да паразумення і служыць справе міру”, - адзначыў Святы Айцец.
Леў XIV адзначыў багатую гісторыю Кёльнскай архідыяцэзіі, якая прадэманстравала гатоўнасці да сустрэч і дыялогу паміж народамі і культурамі. У прыватнасці, упершыню ў Германіі яна наладзіла міжнароднае супрацоўніцтва з архідыяцэзіяй Токіа ў 1954 годзе, а таксама стала ініцыятарамі такіх дабрачынных праектаў, як “Misereor” і “Adveniat”. Рухомая духам салідарнасці і дыялога, Кёльнская архідыяцэзія стала адной з заснавальніц Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO). На працягу многіх гадоў яна падтрымлівае Касцёлы ў рэгіёнах, якія пакутуюць ад голаду, войнаў і стыхійных бедстваў, а таксама дае стыпендыі для падрыхтоўкі святароў і аказвае дапамогу пажылым святарам.
Папа выказаў асаблівую падзяку Кёльнскай архідыяцэзіі за падтрымку Касцёла ў Перу. У перыяд яго служэння ў Чыклаё яна садзейнічала рэалізацыі розных ініцыятыў, у прыватнасці, набыццю кіслародных установак, якія выратавалі жыццё многім людзям. Як падкрэсліў Пантыфік, мясцовыя жыхары і сёння з удзячнасцю памятаюць пра гэтую дапамогу.
Пантыфік шчыра падзякаваў дабрачынцам за іх шчодрае служэнне Касцёлу, адзначыўшы, што сёння, як ніколі раней, іх сведчанне застаецца неабходным. Многія хрысціяне вымушаныя пакідаць свае дамы з-за вайны, гвалту і галечы, іх выжыванне напрамую залежыць ад падтрымкі і дабрачыннасці. Папа заклікаў гасцей працягваць іх місію міласэрнасці, каб гэтыя людзі маглі адчуваць блізкасць Паўсюднага Касцёла. “У прыватнасці, прашу вас працягваць падтрымліваць прысутнасць хрысціян на Блізкім Усходзе”, - заахвоціў Леў XIV.
