Пошук

Молімся разам з Папам: каб усе мелі доступ да ежы

У маі 2026 года Леў XIV запрашае маліцца аб дары адказнага стаўлення да ежы і аб тым, каб яна была даступнай кожнаму. Ён агучыў сваю інтэнцыю на бліжэйшы месяц у відэароліку Папскай сусветнай сеткі малітвы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Молімся, каб усе – ад буйных вытворцаў да дробных спажыўцоў – пазбягалі марнавання ежы і імкнуліся забяспечыць доступ кожнага да якасных прадуктаў харчавання”, - так гучыць малітоўная інтэнцыя Святога Айца.

У відэароліку, знятым у старажытнай капліцы святога Перыгрына, якая знаходзіцца ў некалькіх кроках ад галоўнай уваходнай брамы ў Ватыкан, Пантыфік просіць Бога зрабіць усіх людзей уважлівымі да базавых патрэбаў сваіх бліжніх.

“Пане, Стварыцелю свету, Ты падарыў нам урадлівую зямлю і разам з ёй наш штодзённы хлеб як знак Тваёй любові і Твайго клопату. Сёння мы з болем усведамляем, што мільёны нашых братоў і сясцёр па-ранейшаму пакутуюць ад голаду, у той час як на нашых сталах знікае столькі ежы.

Абудзі ў нас новую свядомасць, каб мы навучыліся дзякаваць за ежу, спажываць яе з прастатой, дзяліцца з радасцю і берагчы плады зямлі як Твой дар, прызначаны для ўсіх, а не толькі для нямногіх.

Добры Ойча, зрабі нас здольнымі пераўтварыць логіку эгаістычнага спажывання
ў культуру салідарнасці. Зрабі так, каб нашы супольнасці прасоўвалі канкрэтныя дзеянні: кампаніі па павышэнні дасведчанасці, харчовыя банкі, сціплы і адказны лад жыцця.

Ты, Які паслаў Свайго ўмілаванага Сына Езуса – хлеб, паламаны для жыцця свету, – дай нам новае сэрца, якое прагне справядлівасці і братэрства. Няхай ніхто не будзе выключаны з агульнага стала, і няхай Твой Дух навучыць нас глядзець на хлеб не як на тавар, а як на знак адносін і клопату”, - памаліўся Святы Айцец.
 

30 красавіка 2026, 15:00