Пошук

Папа – моладзі: трывайце ў веры і будзьце сведкамі Хрыста

Папа заклікаў моладзь, якая сёлета прыме сакрамэнт канфірмацыі, заставацца вернымі веры, жыць у супольнасці Касцёла і быць сведкамі дзеяння Святога Духа ў паўсядзённым жыцці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

16 мая 2026 года Леў XIV прывітаў маладых італьянскіх вернікаў з архідыяцэзіі Генуі, якія сёлета прымуць сакрамэнт бежмавання. У сустрэчы ў Базіліцы Святога Пятра бралі ўдзел каля 600 юнакоў і дзяўчат, якія прыбылі ў Рым у суправаджэнні каля 150 святароў і катэхетаў.

Пантыфік заўважыў, што ўдзяленне бежмавання – гэта адна з найвялікшых радасцяў біскупа, бо гаворка ідзе пра перадачу дара Святога Духа, “які дае нам запал, сілу і здольнасць наследаваць Езуса Хрыста, заўсёды казаць “так” Пану, не баяцца з мужнасцю ісці за Ім, жыць верай у свеце, які часта хоча адвесці нас далёка ад Езуса”.

Папа заўважыў, што падчас Пяцідзясятніцы першыя вучні Хрыста атрымалі Святога Духа, каб абвяшчаць Евангелле і Божую любоў. “Вы ўсе з’яўляецеся ўдзельнікамі гэтай місіі, бо мы ўсе пасланыя: да сваіх сем’яў, сяброў, усіх людзей. Вы таксама павінны быць жывым сведчаннем Духа, які жыве ў нас”, - заахвоціў моладзь Пантыфік.

Леў XIV заклікаў юнакоў і дзяўчат заставацца вернымі веры пасля прыняцця канфірмацыі і не губляць сувязі з парафіяльнай супольнасцю. Ён выказаў занепакоенасць тым, што пасля заканчэння цыклу катэхетычнай падрыхтоўкі і прыняцця сакрамэнту маладыя людзі нярэдка адыходзяць ад касцельнага жыцця.

Пантыфік падкрэсліў, што хрысціянскае жыццё немагчымае без супольнасці. “Мы не жывём верай паасобку – мы жывём ёю разам”, - сказаў ён, заахвоціўшы моладзь працягваць свой шлях у веры ў адносінах сяброўства і ўзаемнай падтрымкі.

“Прыехаць у Рым, прыняць сакрамэнт, прыняць паўнату Духа Святога – гэта цудоўна, але вельмі важна, каб кожны з вас узяў на сябе таксама і гэтае абавязацельства, даў гэтае абяцанне Пану: што вы сапраўды хочаце працягваць быць Яго сябрамі, Яго вучнямі, Яго місіянерамі і хочаце трываць у веры”, - сказаў Леў XIV.
 

16 мая 2026, 10:40