Пошук

Інстытут рэлігійных спраў. Ілюстрацыйнае фота Інстытут рэлігійных спраў. Ілюстрацыйнае фота  

Інстытут рэлігійных спраў: выдатныя паказчыкі за 2025 год

Інстытут рэлігійных спраў завяршыў 2025 год з рэкорднымі фінансавымі вынікамі, пацвердзіўшы ўстойлівы рост, высокую капіталізацыю і вернасць прынцыпам каталіцкай этыкі ў кіраванні інвестыцыямі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 мая 2026 года Інстытут рэлігійных спраў (Istituto per le Opere di Religione, IOR), які часам недакладна называюць “ватыканскім банкам”, абнародаваў чатырнаццатую штогадовую фінансавую справаздачу, якая датычыць 2025 года.

Фінансавая ўстанова завяршыла 2025 год з чыстым прыбыткам у памеры 51 мільёна еўра, што азначае рост на 55,5% у параўнанні з 2024 годам і з’яўляецца рэкордным вынікам апошніх дзесяці гадоў.

Згодна з дакументам, агульная рэнтабельнасць Інстытута склала 97,2 мільёна еўра, што азначае рост на 25%. Гэты выніку быў дасягнуты дзякуючы паляпшэнню аперацыйных вынікаў і спрыяльнай рынкавай кан’юнктуры.

Агульны аб’ём актываў дасягнуў 5,9 мільярда еўра, што на 3% больш у параўнанні з 2024 годам. Чысты капітал вырас да 815,3 мільёна еўра, што азначае павелічэнне на 83,4 мільёна еўра.

Каэфіцыент Tier 1 – ключавы паказчык плацежаздольнасці і фінансавай трываласці банка – склаў 71,9%, што на 3,5% больш у параўнанні з 2024 годам, размяшчаючы Інстытут сярод найбольш стабільных міжнародных фінансавых устаноў.

У святле гэтых вынікаў Камісія кардыналаў прыняла рашэнне выплаціць Святому Айцу дывідэнд у памеры 24,3 мільёна еўра, што на 76,1% больш у параўнанні з папярэднім годам. Гэтыя сродкі, у адпаведнасці з місіяй Інстытута, будуць прызначаны на падтрымку рэлігійных і дабрачынных спраў.

Рэйтынгавы аўдыт, праведзены кампаніяй “Deloitte & Touche”, не выявіў заўваг і пацвердзіў адпаведнасць справаздачнасці міжнародным стандартам IAS-IFRS. Таксама дакумент адпавядае патрабаванням Базельскіх пагадненняў (Pillar III).

Паводле справаздачы, усе інвестыцыі паказалі станоўчую даходнасць і адпаведнасць прынцыпам каталіцкай этыкі. IOR падкрэслівае, што яго інвестыцыйная палітыка застаецца цалкам сумяшчальнай з сацыяльным вучэннем Касцёла.

У дакуменце адзначаецца рост даверу з боку манаскіх кангрэгацый, якія павялічылі аб’ём давераных актываў, а таксама пашырэнне партнёрства з міжнароднымі кампаніямі, сярод якіх “Morningstar”.

Асобна падкрэсліваецца развіццё лічбавых паслуг: IOR укараніў паслугу інтэрнэт-банкінгу, пашырыўшы каналы доступу і забяспечыўшы больш простыя і бяспечныя спосабы аперацый.

Змены адбыліся таксама ў кіраўніцтве Інстытута рэлігійных спраў: пасля завяршэння мандата французскага эканаміста Жана-Батыста дэ Франсу новым старшынёй стала Франсуа Палі з Люксембурга.

У справаздачы падкрэсліваецца, што Інстытут працягвае сваю дзейнасць у адпаведнасці са Стратэгічным планам на 2026–2028 гады, заснаваным на трох кірунках: арыентацыя на кліента, разважлівасць, бяспека і ўстойлівасць. Маючы 115 супрацоўнікаў, IOR абслугоўвае каля 12 000 кліентаў у больш чым 110 краінах.
 

11 мая 2026, 13:15