Пошук

Леў XIV: Касцёл пакліканы весці да Хрыста ў час развіцця тэхналогій

У эпоху хуткага развіцця лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту чалавецтва асабліва востра мае патрэбу ў аднаўленні разумення сваёй сапраўднай годнасці і прызначэння, падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

22 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі “Захаваць чалавечыя галасы і абліччы”, прысвечанай пытанням, звязаным з развіццём штучнага інтэлекту. Форум прайшоў ў Ватыкане з нагоды 60-га Сусветнага дня сродкаў сацыяльнай камунікацыі.

“Удзельнічаючы ў гэтай ініцыятыве, кожны з вас унёс свае дары і таленты ў фарміраванне будучага кірунку чалавецтва ў гэты час, пазначаны экспаненцыяльным ростам тэхналогій, які мае асаблівую важнасць для місіі Касцёла”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што “менавіта ў кантэксце паўсюднай місіі Касцёла можна лепш зразумець яго дзейнасць на карысць сацыяльнай камунікацыі”. Ён нагадаў, што Касцёл клапоціцца пра вечнае збаўленне кожнага чалавека і пазнанне ім праўды пра Бога і не можа ігнараваць выклікаў, якія ставяць развіццё медыя, тэхналогій і штучнага інтэлекту.

“Як з сумам відаць у няспынным прасоўванні і ўкараненні тэхналогій за кошт чалавечай годнасці, а таксама ў шкодзе, якую наносяць чат-боты і іншыя тэхналогіі, выкарыстоўваючы нашу патрэбу ў чалавечых адносінах, мы сапраўды перажываем зацьменне разумення таго, што значыць быць чалавекам. Таму яшчэ больш неабходна зноў набыць разуменне сапраўднага сэнсу і сапраўднай велічы чалавецтва, як яго разумее Бог. Менавіта ў гэтым сэнсе выклік, з якім мы сёння сутыкаемся, “не тэхналагічны, а антрапалагічны”, і я спадзяюся, што энцыкліка, якая будзе апублікаваная праз некалькі дзён, зможа паспрыяць адказу на гэты выклік”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што толькі праз сузіранне Хрыста, Уцелаўлёнага Слова, мы можам не толькі здабыць правільнае бачанне Бога, але і зразумець праўду пра чалавецтва. Таму “сапраўдная абарона аблічча і голасу кожнага чалавека абавязкова павінна весці да сустрэчы з тым, хто ёсць “вобразам нябачнага Бога” і адначасова дасканалым Чалавекам”.

“Вядома, усё гэта трэба мець на ўвазе, калі абмяркоўваюцца наступствы лічбавых тэхналогій і роля Касцёла ў сацыяльных камунікацыях. Гэта нялёгкая задача, але мы пакліканыя несці святло Хрыста свету, асвятляючы ўсе вымярэнні чалавечай дзейнасці. Як мы маглі б гэтага не рабіць сёння, асабліва перад абліччам такой шырокай з’явы ў грамадстве? Таму Касцёл лічыць сваім абавязкам спрыяць уключэнню пісьменнасці ў сферы медыя, інфармацыі і штучнага інтэлекту ў адукацыйныя сістэмы. Такім чынам можна дапамагчы людзям развіць крытычнае мысленне і зрабіць так, каб тэхналогіі служылі збаўленню тых, хто імі карыстаецца”, - сказаў ён.

Леў XIV падзяліў занепакоенасць удзельнікаў канферэнцыі магчымымі наступствамі выкарыстання лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту не толькі для фізічнага і інтэлектуальнага развіцця дзяцей і моладзі, але і для іх духоўнага дабрабыту.

“У сувязі з гэтым усе, асабліва маладыя, павінны “вучыцца ўмеранаму і дысцыплінаванаму выкарыстанню” гэтых тэхналогій пры падтрымцы бацькоў і выхавацеляў. Акрамя таго, у святле місіі Касцёла і сучасных памылковых уяўленняў пра Бога і чалавека, лічбавая пісьменнасць павінна ўключаць таксама выхаванне ў праўдзе пра Бога і чалавецтва. Моладзь асабліва адкрытая да гэтай праўды і шукае сэнсу жыцця. Таму мы павінны дапамагчы ёй сустрэць жывога Хрыста і навучыць інтэграваць выкарыстанне тэхналогій у цэласны лад жыцця”, - сцвердзіў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, гэта тэма асабліва блізкая майму сэрцу і сэрцу Касцёла. Насамрэч, як Маці, Касцёл клапоціцца пра жыццё сваіх дзяцей, жадаючы весці іх да поўнай сталасці. Я спадзяюся, што гэтыя разважанні прывядуць да адноўленага даверу да тэхналогій як плёну чалавечага генія ў гармоніі з Божым творчым планам”, - завяршыў прамову Святы Айцец.
 

22 мая 2026, 12:45